ДЫЯГРА́МА (ад дыя... + ...грама),

графічнае адлюстраванне суадносін паміж рознымі велічынямі; у статыстыцы — чарцёж, на якім у маштабе адлюстраваны даныя ў выглядзе ліній ці геам. фігур. Бываюць лінейныя, стужачныя, слупковыя, сектарныя, аб’ёмныя і інш. Напр., Д. накіраванасці антэны паказвае залежнасць напружанасці поля выпрамянення ад напрамку; фазавая Д. — залежнасць устойлівага фазавага стану рэчыва ад тэрмадынамічных параметраў, якія яго вызначаюць (гл. Дыяграма стану); у вытв-сці з дапамогай Д. рашаюцца задачы мадэлявання працэсаў кіравання, выяўляюцца і рацыяналізуюцца ўзаемасувязі паміж рознымі фактарамі, выяўляюцца разліковыя паказчыкі і нарматывы, выконваюцца кантроль, улік і інш. Гл. таксама Гістаграма, Графік, Намаграма.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Фазавая дыяграма, гл. Дыяграма стану

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Вектарная дыяграма 3/10; 8/384

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Індыкатарная дыяграма 5/94—95; 8/99

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дыяграма стану 4/339—340, 401, 468; 6/348; 10/402

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

фазавая дыяграма

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК-ДЫЯГРА́МА,

перспектыўны схематычны малюнак, які адлюстроўвае выразку ўчастка зямной кары. На пярэдняй і бакавой плоскасцях блок-дыяграмы адлюстроўваецца геал. будова ў верт. разрэзе, на верхнім баку — рэльеф паверхні дадзенай мясцовасці. Ілюструе сувязь рэльефу з геал. будовай.

Блок-дыяграма рачной даліны з серыяй тэрас.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дыяграма накіраванасці антэны 1/373 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГРА́МА СТА́НУ, дыяграма раўнавагі, фазавая дыяграма,

графічнае адлюстраванне залежнасці паміж параметрамі стану фіз.хім. сістэмы (т-ра, ціск) ці паміж імі і некаторымі інш. яе параметрамі (саставам, структурай, канцэнтрацыяй). Звычайна Д.с. паказвае сувязь паміж т-рай, ціскам і саставам сістэмы, калі ў ёй больш чым адзін кампанент. Д.с. аднакампанентнай сістэмы паказвае сувязь паміж ціскам і т-рай.

Д.с. розных сістэм будуюцца на аснове эксперыменту метадамі фізіка-хімічнага аналізу. На Д.с. вады на гарыз. восі адкладваюцца т-ры (у градусах Кельвіна), на вертыкальнай — ціск (у паскалях). У т.зв. трайным пункце (т-ра 273,16 К і ціск 611 Па) сістэма складаецца з лёду, вады і пары, якія знаходзяцца ў раўнавазе. Лініі дыяграмы адлюстроўваюць стан раўнавагі: 1 — лёду з парай, 2 — лёду з вадой, 3 — вады з парай. У т.зв. палях паміж лініямі сістэма складаецца з рэчыва H2O толькі ў адным агрэгатным стане (лёд, вада, пара). З дапамогай Д.с. вызначаюць т-ру плаўлення сплаваў, выбіраюць т-ру гарачай апрацоўкі ціскам, устанаўліваюць рэжымы тэрмічнай апрацоўкі сплаваў, ствараюць сплавы з загадзя зададзенымі ўласцівасцямі і інш.

Літ.:

Захаров А.М. Диаграммы состояния двойных и тройных систем. 3 изд. М., 1990;

Глазов В.М., Лазарев В.Б., Жаров В.В. Фазовые диаграммы простых веществ. М., 1980;

Петров Д.А. Двойные и тройные системы. М., 1986.

Дыяграма стану аднакампанентнай сістэмы (вады): 1, 2, 3 — крывыя ўзгонкі (сублімацыі), плаўлення і кіпення (выпарэння); 0 — трайны пункт; К — крытычны пункт.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАРНАЯ ДЫЯГРА́МА,

графічнае адлюстраванне значэнняў велічыняў, якія мяняюцца па гарманічным законе, і суадносін паміж імі з дапамогай вектараў. Даўжыня вектара адпавядае амплітуднаму значэнню велічыні, вугал паміж вектарамі — зруху фаз паміж велічынямі і г.д. Выкарыстоўваецца ў электратэхніцы, акустыцы, оптыцы і інш.

Схема электрычнага ланцуга (а) з вектарнай дыяграмай токаў і напружанняў (б): L — індуктыўнасць; C — ёмістасць. R — актыўнае супраціўленне; I1, I2, I3 — сілы токаў і V1, V2, V3 — напружанне на адпаведных элементах ланцуга; φ — зрух фаз паміж токам і напружаннем.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)