Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУЗІ́ЙНЫ АПАРА́Т, дыфузар, экстрактар,
апарат для здабывання растваральных рэчываў з цвёрдай здробненай сыравіны метадам дыфузіі. Бываюць бесперапыннага (вертыкальныя, нахіленыя і гарызантальныя; ратацыйныя, стужачныя і шнэкавыя) і перыядычнага (складаюцца з герметычна закрытых пасудзін) дзеяння. У больш дасканалых Д.а. бесперапыннага дзеяння растваральнік (вада) абагачаецца карыснымі рэчывамі, якія вылучаюцца пры сустрэчным руху (супрацьцёку) растваральніку і здробненай сыравіны. Пашыраны пераважна ў цукр. вытв-сці, дзе выкарыстоўваюцца для атрымання цукр. соку з бурачнай стружкі, а таксама ў кансервавай, вітаміннай і інш. вытв-сцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дыфузар, гл.Дыфузійны апарат
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Экстрактар, гл.Дыфузійны апарат
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,
насычэнне (дыфузіяй) паверхні стальных або чыгунных вырабаў адначасова азотам і вугляродам з газавага асяроддзя. Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць, вынослівасць, часам каразійную трываласць матэрыялаў.
Робіцца пераважна ў шахтавых ці муфельных (гл.Муфель) печах. у асяроддзі прыроднага газу і аміяку. Бывае нізкатэмпературная (адбываецца пры т-ры 500—700 °C) і высокатэмпературная (пры 840—930 °C). Дыфузійны слой, утвораны пры Н., мае таўшчыню 0,25—1,5 мм, па будове і ўласцівасцях ён падобны на слой, атрыманы пры цыянаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУ́ЗАР,
1) частка канала (трубы), у якой запавольваецца рух і павышаецца ціск газу або вадкасці. Есць у аэрадынамічных трубах, паветрана-рэактыўных рухавіках, некаторых відах кампрэсараў, помпаў і інш. 2) Прыстасаванне да фотаапарата або фотапавелічальніка, прызначанае для «змякчэння» (паніжэння рэзкасці) выявы. Звычайна гэта плоскапаралельная шкляная пласцінка з прамавугольнай сеткай ці канцэнтрычнымі кругамі або вузкія палоскі шкла.
3) Папяровая мембрана канічнай формы для павелічэння акустычнай аддачы гучнагаварыцеля.
4) Апарат для вышчалочвання ў вытв-сці гліназёму.
5) Апарат для экстракцыі растваральных рэчываў (гл.Дыфузійны апарат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННЫ АБМЕ́Н,
абарачальны працэс стэхіяметрычнага абмену іонамі паміж іанітам і растворам электраліту.
Прынята разглядаць І.а. як гетэрагенную абменную хім рэакцыю, якая характарызуецца канцэнтрацыйнай канстантай раўнавагі (гл.Раўнавага хімічная). Працэс І.а. мае дыфузійны характар. Каэф. дыфузіі іонаў у іанітах (10−6см²/с) памяншаецца з павелічэннем зарадаў іонаў і ступені сшытасці іанітаў. Выкарыстоўваюць у цеплавой і атамнай энергетыцы для атрымання абяссоленай вады, у гідраметалургіі пры перапрацоўцы бедных руд каляровых, рэдкіх і высакародных металаў, у аналітычнай хіміі (іонаабменная храматаграфія). Гл. таксама Іонаабменныя смолы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Густаў Людвіг) (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),
нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл.АНСССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСАМАТЫ́ЗМ, метасаматоз
[ад мета... + грэч. sōma (sōmatos) цела],
працэс замяшчэння адных мінералаў іншымі са зменай хім. саставу пароды (звычайна з захаваннем яе аб’ёму і цвёрдага стану) пад уздзеяннем раствораў (флюідаў) высокай хім. актыўнасці. Адрозніваюць М. магматычнай стадыі (напр., у сувязі з гранітызацыяй) і постмагматычнай стадыі (рудаўтварэнне метасаматычных радовішчаў). Са зменай хімізму раствораў, пры іх ахаладжэнні, вылучаюцца стадыі працякання М.: ранняя шчолачная высокатэмпературная (магнезіяльныя і вапняковыя скарны), кіслотная (грэйзены і другасныя кварцыты),
позняя шчолачная нізкатэмпературная (беразіты, лісцвяніты). Вылучаюць інфільтрацыйны М. (перанос хім. кампанентаў растворамі, якія фільтруюцца, праз горную пароду) і дыфузійны М. (дыфузія хім. кампанентаў у адносна нерухомым растворы). На мяжы 2 розных паводле хім. саставу асяроддзяў (напр., вапнякі і кварцыты) узнікае сустрэчная дыфузія, т.зв.біметасаматоз. У сувязі з дыферэнцыяльнай рухомасцю кампанентаў у растворах пры М. ўзнікае метасаматычная занальнасць з рэзкімі межамі паміж зонамі. З нарастаннем інтэнсіўнасці М. павышаная рухомасць хім. кампанентаў прыводзіць да ўтварэння монамінеральнай пароды. Пры рэгіянальным М. ўтвараюцца вял. аб’ёмы метасаматычных парод, пры лакальным М. на кантактах з руднымі целамі — калярудныя метасаматыты. На Беларусі метасаматычныя пароды трапляюцца: у крышт. фундаменце — альбітыт, біятыталіт, другасныя кварцыты, піраксеналіты, мікраклініт і інш.; у асадкавым чахле — даламіты, ангідрыты і інш.
Літ.:
Коржинский Д.С. Теория метасоматической зональности. 2 изд. М., 1982.