Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФТЭРЫ́Я (ад грэч. diphtherion скурка, плеўка),
інфекцыйная хвароба чалавека з фібрынозным (плеўкавым) запаленнем і агульнай інтаксікацыяй.
Узбуджальнік Д адкрыты ням. бактэрыёлагамі Э.Клебсам і Ф.Лёфлерам у 1883. Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бацыланосьбіты. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Адрозніваюць Д. зева, носа, гартані, вачэй, вонкавых палавых органаў (у дзяўчынак); бываюць камбінаваныя формы. Найчасцей бывае Д. зева (у 60—70%; лакалізаваная, пашыраная і таксічная). Прыкметы: пасля інкубацыйнага перыяду (2—14 дзён) т-ра цела 38 °C, паніжэнне апетыту, боль галавы і пры глытанні, пачырваненне, шэра-белыя плеўкі на слізістай абалонцы. Ускладненні: рэзкае звужэнне прасвету гартані (стэноз), расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.
Лячэнне: шпіталізацыя, процідыфтэрыйная сываратка; іншы раз — хірургічнае. Абавязковыя прышчэпкі супраць Д. коклюшна-дыфтэрыйна-слупняковай (КДС) вакцынай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГІ́Я (ад ала... + грэч. ergon дзеянне),
імунная рэакцыя арганізма да паўторнага ўздзеяння алергенаў з пашкоджаннем уласнай тканкі. Клінічныя праяўленні алергічных рэакцый бываюць неадкладныя і запаволеныя. Рэакцыі неадкладнага тыпу (скурныя і сістэмныя) узнікаюць праз 15—20 мін пасля ўздзеяння спецыфічнага А. пры анафілактычным шоку, крапіўніцы, сываратачнай хваробе, бранхіяльнай астме, сеннай ліхаманцы, ацёку Квінке. Рэакцыі запаволенага тыпу развіваюцца гадзінамі, іншы раз суткамі пры лекавым дэрматыце, вакцынацыях, інфекцыях (туберкулёз, дыфтэрыя і інш.). Адрозніваюць 3 стадыі развіцця алергіі: імуналагічную (алерген — цела), патахім. (вызваленне біял. актыўных рэчываў — медыятараў), патафізіял. (патагеннае ўздзеянне медыятараў на клеткі, органы і тканкі). Значная роля пры гэтым належыць спадчыннасці, стану эндакрыннай і нерв.сістэм. Адсутнасць алергічнай рэакцыі на паўторна ўведзены алерген наз. энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.