ДЫРЭКТЫ́ВА (франц. directive ад лац. dirigere накіроўваць),

распараджэнне, кіруючае ўказанне, настаўленне, якія даюцца вышэйстаячым органам ніжэйстаячаму ці кіраўніком установы падначаленаму.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРБАРО́СА ПЛАН»

(«Barbarossa Fall»),

умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха I Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм. узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр. прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».

Публ.:

План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)