Дылема 4/324

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),

форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл. Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ (Leigh) Віўен [сапр. Хартлі

(Hartley) Вівіян Мэры; 5.11.1913, г. Дарджылінг, Індыя — 8.7.1967], англійская актрыса тэатра і кіно. Вучылася ў Парыжы і Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва ў Лондане. У 1935 дэбютавала ў лонданскім т-ры «К’ю». Выступала ў «Олд Вік» і інш. т-рах Лондана. Сярод роляў: Тытанія, Віёла, лэдзі Макбет, Лавінія («Сон у летнюю ноч», «Дванаццатая ноч», «Макбет», «Ціт Андронік» У.​Шэкспіра),

Джэніфер Дзюбеда («Дылема доктара» Б.​Шоу), Сабіна («На валаску ад гібелі» Т.​Уайлдэра), Антыгона («Антыгона» Ж.​Ануя) і інш. З 1934 здымалася ў кіно. Лепшыя ролі: Скарлет О’Хара («Унесеныя ветрам», 1939, прэмія «Оскар»), Майра («Мост Ватэрлоо», 1940), лэдзі Гамільтан («Лэдзі Гамільтан, 1941), Ганна («Ганна Карэніна», 1948), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне», 1951, прэмія «Оскар»), Мэры Трэдвел («Карабель дурняў», 1964). Стварала складаныя, супярэчлівыя характары, якія раскрываліся ў драм. сутыкненнях з жорсткай рэчаіснасцю.

Літ.:

Утилов В.А. Вивьен Ли. М., 1980.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́РДАЛЬ ((Myrdal) Гунар Карл) (6.12.1898; Густафс, Швецыя — 17.5.1987),

шведскі эканаміст і сацыёлаг. Чл. Шведскай каралеўскай АН. Д-р эканам, н. (1927). Ганаровы д-р больш як 30 еўрап. і амер. ун-таў. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1923), з 1931 прафесар. У 1945—47 міністр гандлю, у 1947—57 ген. сакратар Эканам, камісіі ААН для Еўропы. Заснавальнік і дырэктар Ін-та даследаванняў сусв. эканомікі пры Стакгольмскім ун-це (з 1961). Навук, працы па пытаннях міжнар. эканам. адносін, тэорыі грошай і эканам. дынамікі, дэмаграфічнай палітыкі, узаемазалежнасці эканам., сац., прававых і культ.-маральных фактараў развіцця. Даследаваў міжрасавыя адносіны і становішча чарнаскурага насельніцтва ЗША («Амерыканская дылема: негрыцянская праблема і сучасная дэмакратыя», т. 1—2, 1944), сац.-эканам. праблемы слабаразвітых краін Паўд.-Усх. Азіі («Азіяцкая драма: даследаванне беднасці народаў», 1968). Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Ф.Хайекам).

Тв.:

Рус. пер. — Мировая экономика: Пробл. и перспективы. М., 1958;

Современные проблемы «третьего мира». М., 1972.

Г.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл. Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл. Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.​Бэканам і Дж.​Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)