ДУ́ХІ,

у міфалагічных і рэлігійных уяўленнях бесцялесныя звышнатуральныя істоты, якія прымаюць удзел у жыцці прыроды і чалавека. Падзяляюцца на злых (нячыстых — чорт, нячысцік, д’ябал), якія шкодзяць чалавеку, і добрых, карысных для яго. Адрозніваліся Д. дрэў, крыніц, рэк, лясоў, нараджэння і смерці, хвароб і здароўя чалавека, Д. грамады, роду, Сонца, Месяца і інш.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХІ́,

парфумерны сродак; спіртавы ці спіртаводны раствор сумесей пахучых рэчываў — парфумерных кампазіцый і настояў. Маюць ад 10 да 50% кампазіцый, канцэнтраваныя — больш за 20%. У склад кампазіцыі звычайна ўваходзяць некалькі дзесяткаў розных пахучых рэчываў. Паводле характару паху падзяляюць на 2 групы: кветкавыя (імітуюць пах кветак) і фантазійныя (пах створаны фантазіяй парфумера). Д. сухія (сашэ) — пакецікі з паперы ці тканіны, напоўненыя цвёрдымі пахучымі рэчывамі (пялёсткі ружы, здробнены корань касача і інш.), якія кладуць у бялізну для надання ёй прыемнага паху. Гл. таксама Парфумерыя.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬВЫ,

у скандынаўскай міфалогіі ніжэйшыя прыродныя духі (першапачаткова, магчыма, і душы памерлых), якія ўплывалі на ўрадлівасць. Ім быў прысвечаны асобны культ. Часам альвы проціпастаўляліся вышэйшым багам — асам.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭКАЛО́Н (ад франц. eau de Cologne літар, кёльнская вада),

парфумерны спіртаводны раствор пахучых рэчываў. Упершыню састаўлены на аснове цытрусавых алеяў: апельсінавага, мандарынавага, лімоннага і бергамотавага (1720-я г.). Гл. таксама Духі.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСЫ́, абаасы,

у якуцкай міфалогіі злыя духі; маюць аблічча чалавека ростам з лістоўніцу або аднаногай, аднарукай, аднавокай пачвары. Усё шкоднае і агіднае створана абасамі. Яны спакушаюць і падбухторваюць людзей на злачынствы, насылаюць на іх бедствы і хваробы.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ВЫ, дайва, дзівы,

у іранскай міфалогіі злыя духі. Супрацьпастаўляліся добрым духам ахурам. Д. уяўлялі рагатымі, валасатымі, шматгаловымі веліканамі, якія жылі ў дзікіх, цяжкадаступных мясцінах, у нетрах зямлі, дзе ахоўвалі скарбы (каштоўныя металы і камяні). Многія легендарныя іранскія цары і волаты выступалі як дэваборцы.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ ГЕХЕЦЫ́К, Ара Прыгожы,

у армянскім эпасе бог, які памірае і ўваскрасае, сын Арама, цар армянскай дзяржавы. Паводле міфаў, адмовіўся стаць мужам ці каханкам багіні кахання, царыцы Асірыі Шамірам, за што тая пайшла вайной на Арменію. А.Г. загінуў у баі, але па загадзе Шамірам аралезы (духі) ажывілі яго. Імем А.Г. назв. Арарацкая раўніна, гара Цахкеванк (другая яе назва Ара).

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,

старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАНАЛО́ГІЯ (ад дэман + ...логія),

рэлігійнае вучэнне пра злых духаў, заснаванае на першабытнай веры ў духаў (нячысцікаў), а таксама пра спосабы пазбаўлення ад іх людзей, апанаваных д’яблам. Такімі спосабамі хрысціяне лічаць малітвы, заклінанні і пэўныя культавыя дзеянні па выгнанні д’ябла (экзарцызм). Гіст. Д. бярэ пачатак у першабытнай веры ў духаў. Найб. значэнне мае ў рэлігіях з дуалістычным падзелам Сусвету на свет дабра і зла (зараастрызм і маніхейства). У больш позніх рэлігіях, на якія паўплываў зараастрызм (іудаізм, хрысціянства, іслам і інш.), Д. з’яўляецца таксама важнай састаўной ч. веравучэння. Большасць вобразаў бел. нар. Д. дахрысціянскага паходжання. У Д., як і ў міфалогіі, з’явы навакольнага свету, адухоўленыя нар. фантазіяй, адлюстраваны ў выглядзе фантаст. істот. Дэманалагічныя ўяўленні звязваліся з прыроднымі з’явамі (духі прыроды), гаспадаркай і хатнім побытам (хатнія духі), нягодамі, хваробамі, прычым пераважалі вобразы злой сілы. Нар. фантазія надзяляла іх чалавечымі рысамі, знешне падобнымі да чалавека (пераважна на старога дзядка з сівой барадой). Сярод духаў прыроды вылучаліся лясун — гаспадар лесу, вадзянік — дух вады, палявік, жыценьдухі палёў; вылучалі лазавіка, багніка, што нібыта жылі ў лазняку, багне. Большасць павер’яў пра хатніх духаў звязана з уяўленнямі пра «апекуна» дома і гаспадаркі дамавіка; бытавалі таксама ўяўленні пра хлеўніка, гуменніка, лазніка, ёўніка (апошняму часта ахвяроўвалі сноп жыта, каб не спаліў ёўню). Хваробы, паводле павер’яў, чынілі цётухны (увасаблялі ліхаманку), крыксы, начніцы (увасаблялі дзіцячыя хваробы), маровая панна (увасабляла мор, эпідэмію). Увасабленнем трывожнага сну была мара. Найб. пашыраным у нар. Д. быў вобраз чорта, які лічыўся прычынай усякай бяды, няшчасця, зла; быў падобны на д’ябла і служыў яго сінонімам. У канцы 19 — пач. 20 ст. вобразы нар. Д. страцілі рэліг. значэнне і засталіся ў фальклоры як персанажы нар. маст. фантазіі (трапляюцца пераважна ў былічках і чарадзейных казках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)