ПРАПІЁНАВАКІ́СЛЫЯ БАКТЭ́РЫІ (Propionibacterium),
род неспараносных бактэрый. Жывуць у рубцы і кішэчніку жвачных жывёл, у малочных прадуктах (акрамя малака). Непатагенныя.
Нерухомыя грамстаноўчыя палачкі. У маладых культурах — скрыўленыя, злёгку галінастыя палачкі, у больш старых — кокападобнай формы. Утвараюць калоніі жоўтага, аранжавага, чырв. колераў. Растуць у аэробных і анаэробных умовах. Узбуджальнікі прапіёнавакіслага браджэння, зброджваюць глюкозу, лактозу, інш. вугляводы, таксама некат. спірты з утварэннем прапіёнавай і воцатнай к-т і вуглякіслага газу. Закваскі, што маюць П.б., выкарыстоўваюцца ў сыраробстве (малюнак — «вочкі», смак і духмянасць швейц. сыру звязаны пераважна з прапіёнавакіслым браджэннем) і для мікрабіял. сінтэзу вітаміну B12.
А.І.Ерашоў.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЙ,
харчовы прадукт, які вырабляецца са спецыяльна апрацаваных верхавінкавых парасткаў (флешаў) чайнага куста і выкарыстоўваецца для прыгатавання напітку. Чайны экстракт мае дубільных рэчываў 15,6—16%, кафеіну 2—3%, эфірных алеяў 0,006—0,021%, вітаміны C, P і інш. Выпускаюць Ч. байхавы (рассыпісты) і прасаваны.
Паводле спосабаў апрацоўкі лісця адрозніваюць Ч. чорны, зялёны (кок-Ч.), жоўты і чырв. (аалонг). Пры вырабе чорнага Ч. сабраныя парасткі сартуюць, завяльваюць, скручваюць, ферментуюць і сушаць. У выніку ферментацыі ў сыравіне раскладаюцца бялкі, акісляюцца дубільныя рэчывы і Ч. набывае прыемны смак, духмянасць і колер. Чырв. і жоўты Ч. атрымліваюць заўчасным спыненнем ферментацыі на розных стадыях. Вытв-сць зялёнага Ч. адрозніваецца тым, што ў лістах прапаркай разбураюцца ферменты, замацоўваецца зялёны колер, яны завяльваюцца і не ферментуюцца. Напітак з Ч. ўзбуджае нерв. сістэму, танізуе, павышае працаздольнасць.
В.Л.Мароз.
т. 17, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)