Дунілавічы (в.) 4/312—313; 8/307 (к.); 11/41

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).

Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.​Ю.​Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.​К.​Радзівілу, пазней Я.​Дз.​Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.

т. 6, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІ́ЛАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр адзінка ў 1921—25 у Зах. Беларусі ў складзе Польшчы. Спачатку ў Навагрудскім, з 1922 у Віленскім ваяв. Падзяляўся на гміны. Цэнтр — г. Дунілавічы. У сувязі з пераносам пав. цэнтра перайменаваны ў Пастаўскі павет.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІ́ЛАВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Пл. 900 км². 366 нас. пунктаў (1946). Цэнтр — г.п. Дунілавічы. 12.10.1940 раён падзелены на 14 сельсаветаў: Ваўкалацкі, Варапаеўскі, Галбейскі, Гулідаўскі, Дунілавіцкі, Жуперскі, Заўлецкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі, Міхайлаўскі, Мосарскі, Сяргеевіцкі і Тузбіцкі. З 20.9.1944 раён у складзе Полацкай, з 3.8.1954 Маладзечанскай абласцей. 20.1.1960 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Глыбоцкага р-на.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—44. Утворана на тэр. б. Віленскага ваяв. Польшчы пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Цэнтр — г. Вілейка. Уключала 7 паветаў: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Маладзечанскі, Пастаўскі, Свянцянскі. Пл. 20,7 тыс. км², нас. 938,3 тыс. Чал. (1941). 15.1.1940 паветы скасаваны, вобласць падзелена на 22 раёны [Астравецкі, Ашмянскі, Браслаўскі, Відзскі, Гадуцішкаўскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Міёрскі (Мёрскі), Мядзельскі, Пастаўскі, Пліскі, Радашковіцкі, Свірскі, Свянцянскі, Смаргонскі, Шаркаўшчынскі]; уключала 9 гарадоў (Ашмяны, Вілейка, Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Маладзечна, Паставы, Свянцяны, Смаргонь), 4 гар. пасёлкі (Браслаў, Відзы, Дунілавічы, Радашковічы). Абл. газ. «Сялянская газета». 20.9.1944 Вілейская вобласць перайменавана ў Маладзечанскую вобласць.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРЗЁНАК (Пётр Пятровіч) (н. 8.5.1951, в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1974 у Бел. НДІ пералівання крыві, з 1984 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі (у 1991—98 заг. лабараторыі). Навук. працы па імунафізіялогіі, нейраімуналогіі, экалагічнай фізіялогіі.

Тв.:

Особенности развития лихорадки, вызванной экзо- или эндогенным пирогеном на фоне иммуносупрессии или иммуностимуляции (разам з В.​М.​Гурыным) // Докл. АН БССР. 1991 Т. 35, № 2;

Роль иммунной системы в периферических механизмах лихорадки // Термофизиология: Информ. бюлл. 1994. Вып. 3.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНІ́ЛАВІЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока. Засн. ў 1683 па фундацыі Е.​Белазор у в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Да 1766 існаваў драўляны касцёл. Мураваны будынак узведзены ў 1769—73 пры 2-павярховым кляштары дамініканцаў (не збярогся). У 1866 пераабсталяваны пад праваслаўную царкву (з 1919 зноў касцёл).

Мураваная 3-нефавая 2-вежавая базіліка. У аздабленні фасадаў выкарыстаны плоскія пілястры (на галоўным — падвойныя ўвагнутыя), прафіляваныя цягі, раскрапоўкі, валюты і інш. У інтэр’еры цэнтр. неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, бакавыя — крыжовымі. Скляпенні аздоблены фрэскавай размалёўкай у выглядзе расліннага арнаменту і картушаў.

Т.​В.​Габрусь.

т. 6, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.

А.​М.​Кулагін.

Крыкалаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР з 20.9.1944 да 8.1.1954. Цэнтр — г. Полацк. Пл. 17,8 тыс. км², нас. 394,6 чал. (на 1.1.1947), 6 гарадоў (Браслаў, Глыбокае, Дзісна, Докшыцы, Дрыса, Полацк), 6 гар. пасёлкаў (Асвея, Відзы, Друя, Дунілавічы, Ушачы, Шаркаўшчына), 217 сельсаветаў, 15 раёнаў: Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ушацкі (перададзены з Віцебскай вобл.), Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Міёрскі, Пліскі, Шаркаўшчынскі (перададзены з б. Вілейскай вобл.). Выдавалася абл. газ. «Бальшавіцкі шлях» (з 1952 «Сцяг камунізма») і 15 раённых газет. Пасля скасавання П.в. Браслаўскі, Відзскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Міёрскі, Пліскі, Шаркаўшчынскі р-ны перададзены ў Маладзечанскую вобласць; Асвейскі, Ветрынскі, Дрысенскі, Полацкі, Расонскі, Ушацкі — у Віцебскую вобласць.

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),

старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.

Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в. Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).

Ю.​А.​Якімовіч.

Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)