старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.
Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).
Ю.А.Якімовіч.
Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.