УПРА́ВА,
назва многіх органаў мясц. кіравання і самакіравання ў Рас. імперыі. 1) Выканаўчы орган губернскіх і павятовых земскіх устаноў (земскіх сходаў) і гарадскіх дум. Складалася са старшыні і некалькіх членаў, падпарадкоўвалася мін-ву ўнутр. спраў і губернатару.
2) Орган саслоўнага самакіравання (купецкага, мяшчанскага, рамеснага).
т. 16, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,
выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.
А.І.Несцярэнка.
т. 5, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЭ́СА Філарэт Міхайлавіч (17.7.1871, с. Пясчавы Стрыйскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 3.3.1947),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, этнограф, кампазітар, літаратуразнавец. Акад. АН Украіны (1929). Бацька М.Ф.Калэсы. Скончыў Львоўскі ун-т (1896). Музыказнаўчую адукацыю атрымаў у Вене ў А.Брукнера, Г.Адлера. З 1939 праф. і адначасова (з 1940) дырэктар этнагр. музея Львоўскага ун-та. Заснавальнік укр. муз. этнаграфіі. Вывучаў суадносіны лакальнага і агульнанац. стылю ў фальклоры, гісторыю ўкр. дум, слав. фалькл. сувязі. У 1932 з К.Машынскім запісваў бел. фальклор на Палессі (матэрыялы апубл. ў арт. «Народная музыка на Палессі», 1939, дзе К. падкрэсліваў цесную сувязь укр. і бел. фальклору). Аўтар працы «Рытміка ўкраінскіх народных песень» (1907), хар. твораў, апрацовак нар. песень, літаратуразнаўчых прац на творчасці М.Лысенкі, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Л.Украінкі інш.
Тв.:
Мелодії українських народних дум. Київ, 1969;
Музикознавчі праці. Київ, 1970;
Фольклористичні праці. Київ, 1970.
Літ.:
Грица С. Ф.М.Колесса. Київ, 1962.
Л.С.Мухарынская.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАХО́ЎСКІ Янка (Іван Захаравіч; 4.3.1908, г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. — 6.4.1973),
бел. пісьменнік і літаратуразнавец. Скончыў Ленінградскі гісторыка-лінгвістычны ін-т (1931). Працаваў у рэдакцыях часопісаў, з 1948 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, з 1957 нам. міністра культуры Беларусі, з 1959 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1961—68 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Творчую дзейнасць пачаў як паэт з 1927, як літ. крытык з 1931. Даследаваў жыццё і творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, П.Пестрака, В.Таўлая і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Срэбраная раніца» (1951), кн. для дзяцей «Сердалікавая бухта» (1955). На бел. мову пераклаў раманы І.Тургенева «Рудзін» і «Напярэдадні», аповесць У.Караленкі «Сляпы музыкант», а таксама некат. творы М.Бубяннова, Ф.Гладкова, А.Первенцава, М.Салтыкова-Шчадрына, І.Франко, М.Шолахава.
Тв.:
Пясняр народных дум: (Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы): Дарэвалюцыйны перыяд. Мн., 1970;
Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд. Мн., 1976;
Сплочаны доўг. Мн., 1978.
т. 17, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ЎСКІ Леў Іванавіч (22.2.1806, с. Мялюшкі Палтаўскай вобл., Украіна — 26.12.1889),
украінскі паэт, фалькларыст. Аўтар песень, вершаў, балад, дум і баек (зб. «Байкі ды прыгаворкі Ляўка Баравікоўскага», 1852). У вершах закранаў этычныя, бытавыя, радзей сац. праблемы. Самая вядомая рамант. балада Баравікоўскага — «Маруся» (1829), напісаная па матывах твора В.Жукоўскага «Святлана». Этнограф, збіральнік нар. песень, прымавак, павер’яў, склаў слоўнік укр. мовы.
т. 2, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́СТЫ (Tibesti),
вулканічнае нагор’е ў Цэнтр. Сахары, на Пн Рэспублікі Чад. Выш. да 3415 м (вулкан Эмі-Кусі). Складзена з крышт. сланцаў, пясчанікаў, лаў. Расчлянёна глыбокімі цяснінамі з часовымі вадацёкамі. Тэрмальныя крыніцы. Ападкаў да 100 мм за год. Уздоўж падножжаў і па далінах да выш. 1200 м растуць фінікавая пальма, пальма дум, акацыі, з 1600—1800 м — паўпустынная і пустынная расліннасць.
т. 16, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАШЭ́ЎСКІ (Bogdaszewski) Ігнат (1809 — каля 1870),
польскі паэт. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Потым жыў у фальварку Антосін (цяпер в. Антосіна Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.). Выбіраўся маршалкам шляхты Мінскай губ. (1841). Аўтар паэт. зб-ка «Некалькі балад і аповесцяў» (Вільня, 1826), у якім выкарыстаў матывы бел. фальклору. Першы перакладчык на польск. мову «Гістарычных дум» К.Рылеева (Вільня, 1829). Паводле сведчання маці Ю.Славацкага, Багдашэўскі пісаў «рускія» (г. зн. беларускія) песенькі, музыку да якіх падбірала яго сястра Антаніна.
А.В.Мальдзіс.
т. 2, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЛЬ (Kráľ) Янка (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),
славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;
У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.
А.У.Вострыкава.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,
у Расіі ў 1908—17 група (фракцыя) дэпутатаў 3-й і 4-й Дзярж. дум (пераважна ад паўд.-зах. губерняў) аб’яднаных вялікадзярж. і манархічнай платформай. Уваходзілі буйнейшыя землеўладальнікі, царк. дзеячы, частка інтэлігенцыі і сял. дэпутатаў. Старшыня — П.М.Балашоў, лідэры — У.А.Бобрынскі, В.В.Шульгін, епіскапы Яўлогій, Мітрафан і інш. Друкаваны орган — газ. «Окраины России». Праграма — абарона самадзяржаўя і памешчыцкай уласнасці, шавінізм («Расія для рускіх»), антысемітызм, укараненне рус. культуры ў нац. ускраінах імперыі. Патрабавалі забяспечыць панаванне правасл. царквы, высоўвалі панславісцкія лозунгі. Стварылі Усерас. нац. саюз і Усерас. нац. клуб (1910). Фракцыя спыніла існаванне пасля Лют. рэвалюцыі 1917.
т. 11, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЯ́НКА Міхаіл Уладзіміравіч (21.2.1859—24.1.1924),
расійскі паліт. дзеяч, адзін з лідэраў акцябрыстаў. Скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу. Буйны памешчык Екацярынаслаўскай губ., дзе ў 1900—06 узначальваў губ. земскую ўправу. У 1906—07 чл. Дзярж. савета. Дэп., з 1911 старшыня 3—4-й Дзярж. дум (1907—17). Падтрымліваў палітыку П.А.Сталыпіна. У гады 1-й сусв. вайны блакіраваўся з кадэтамі; быў праціўнікам Р.Я.Распуціна. У час Лют. рэвалюцыі 1917 узначаліў Часовы камітэт Дзяржаўнай думы 1917, пераканаў цара Мікалая II адрачыся ад прастола. У час грамадз. вайны знаходзіўся пры арміі ген. А.І.Дзянікіна. У 1920 эмігрыраваў у Югаславію. Аўтар мемуараў («Крушэнне імперыі», 2-е выд. 1929).
т. 13, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)