ГАРМА́ТА,

від агнястрэльнай зброі калібру 20 мм і болей для стральбы снарадамі або мінамі. Па прызначэнні і канструкцыйных асаблівасцях гарматы падзяляюцца на пушкі, гаўбіцы, марціры, безадкатныя гарматы, мінамёты, камбінаваныя (пушкі-гаўбіцы) і універсальныя гарматы.

Гарматы бываюць: наземныя, зенітныя, авіяцыйныя, танкавыя, карабельныя, берагавыя; наразныя і гладкаствольныя; стацыянарныя, буксоўныя, самарушныя (маюць агрэгаты для перасоўвання ў час бою на невялікія адлегласці, на значныя — буксіруюцца цягачом), самаходныя, уючныя (звычайна горныя), чыгуначныя; малога (ад 20 да 75 мм), сярэдняга (75—155 мм) і буйнога (больш за 155 мм) калібраў. Асн. баявыя ўласцівасці гарматы — магутнасць снарадаў, дальнабойнасць, скарастрэльнасць, дакладнасць стральбы, агнявая манеўранасць, рухомасць на маршы і на полі бою, авіятранспартабельнасць, надзейнасць у эксплуатацыі, прастата і зручнасць абслугоўвання. Выкарыстоўваецца для знішчэння аб’ектаў і падаўлення жывой сілы і тэхнікі, разбурэння абарончых збудаванняў і інш. цэляў праціўніка на сушы, моры і ў паветры. Іл. гл. ў арт. Артылерыя.

Гармата (152-мм пушка-гаўбіца): 1 — паваротны механізм; 2 — пад’ёмны механізм; 3 — прыцэл; 4 — дульны тормаз; 5 — проціадкатныя прыстасаванні; 6 — шчыт; 7 — затвор; 8 — станіны лафета; 9 — каток.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́СТЫКА,

навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.

Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.​Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.​Галілея, І.​Ньютана, Л.​Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.​Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.​В.​Астраградскі, М.​У.​Маіеўскі, вучоныя б. СССР А.​М.​Крылоў, Д.​А.​Вентцэль, С.​А.​Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.​Шарбанье (Францыя), Д.​Біянкі (Італія) і інш.

Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.

Літ.:

Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;

Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н., Богодистов С.С. Внешняя баллистика. 3 изд. М., 1991;

Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.

Да арт. Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pgдульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)