дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎКУБІ́ЧНАЯ ПАРА́БАЛА, парабала Нейля,
плоская алг. крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах: y = ax3/2; параметрычныя ўраўненні: х =t2, у = at3. Пункт звароту 1-га роду ў пачатку каардынат. Наз. імем англ. матэматыка У.Нейля, які вылічыў даўжыню яе дугі (1657). Матэрыяльны пункт пад уздзеяннем сілы цяжару рухаецца ўздоўж дугі П.п. з пастаяннай скорасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНА-ДУГАВЫ́ ПЕРАПЛА́Ў,
паўторная плаўка (пераплаў) металу ў вакуумнай дугавой печы. Метал плавіцца цяплом эл.дугі і сцякае ў крышталізатар, які ахалоджваецца вадой. Вакуум ствараецца ў пячах з дапамогай вакуумных помпаў. Магутнасць эл.дугі ўстанаўліваюць такую, каб утварыць шчыльную бездэфектную макраструктуру. Пераплаўлены метал вызначаецца высокімі вязкасцю і пластычнасцю, павышанай стомленаснай трываласцю і інш. Вакуумна-дугавым спосабам пераплаўляюць сталь, сплавы на аснове нікелю, а таксама тытан, цырконій, малібдэн і інш. тугаплаўкія металы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЯ (англ. mile),
пазасістэмная адзінка даўжыні ў неметрычных сістэмах адзінак. Назва паходзіць ад лац. milia passum — «тысяча крокаў». У Стараж. Рыме М. вызначалі як «тысячу падвойных крокаў узбр. воіна (легіянера)» і лічылі яе роўнай 1481 м (пазней 1483,5 м). У сярэднія вякі ў краінах Еўропы прымяняліся розныя па лікавых значэннях нац. М. (напр., старая рус. М. раўнялася 7,468 км). У навігацыі выкарыстоўваюцца: міжнародная марская М. — даўж. 1 градуса дугі зямнога сфероіда на шыраце 44,5°, прынята роўнай 1,852 км, сухапутная (статутная, законная) М. — роўная 1609,344 м і брытанскаямарская (адміралцейская) М. — роўная 1853,184 м (ужываюцца ў англамоўных краінах); экватарыяльная М. — ’даўж. 1 градуса дугі зямнога экватара, роўная 1855,1 м; геаграфічная, або нямецкая М. — даўж. 4 градусаў дугі зямнога экватара, роўная 7420,4 м і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],
кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн.дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ЛЯ́МПА,
газаразрадная крыніца святла, якое ўзнікае пры гарэнні электрычнай дугі паміж вугальнымі электродамі. Найб. пашыраны Д.л. высокай інтэнсіўнасці, дадатны электрод якіх мае кнот (пераважна з солей рэдказямельных элементаў). Яркасць лямпы да 2000 Мкд/м². Выкарыстоўваецца ў пражэктарах, кінапраекцыйных апаратах і інш. Вынайдзена П.М.Яблачкавым у 1876 («свечка Яблачкава»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МА́СЛЫ,
нафтавыя і сінтэтычныя (напр., крэмнійарганічныя) маслы, якія маюць уласцівасці дыэлектрыкаў. Выкарыстоўваюцца для ізаляцыі токаправодных частак і ахаладжэння трансфарматараў (трансфарматарнае масла), насычэння і заліўкі папяровай ізаляцыі эл. кандэнсатараў (кандэнсатарнае масла), заліўкі сілавых масланапоўненых кабеляў (кабельнае масла). Трансфарматарнае масла выкарыстоўваюць таксама ў рэастатах (для ахаладжэння), масляных выключальніках (для гашэння эл.дугі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛА́МБР ((Delambre) Жан Батыст Жазеф) (19.9.1749, г. Ам’ен, Францыя — 19.8.1822),
французскі астраном, геадэзіст і метролаг. Чл.Франц. (1791) і Пецярбургскай (1810) АН. У 1792—97 прымаў удзел у градусных вымярэннях дугі мерыдыяна ад г. Дзюнкерк (Францыя) да г. Барселона (Іспанія), што стала падставай для ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Вылічыў табліцы бачных рухаў Сонца, вял. планет і спадарожнікаў Юпітэра. Аўтар працы па гісторыі астраноміі.