Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ,
здабыча некаторых (асобных) кампанентаў цвёрдага рэчыва з дапамогай растваральніку. Заснавана на здольнасці гэтага кампанента растварацца ў вадкасці (напр., вадзе, водных растворах кіслот, шчолачах) лепш за інш. кампаненты матэрыялу. Выкарыстоўваецца ў гідраметалургіі, горнай і хім. прам-сці, вытв-сці цукру, дубільных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ў раслін,
частка сцябла і кораня раслін звонку ад камбію. Першасная К. складаецца ў асн. з парэнхімных і мех. тканак (фарміруецца з вонкавай ч. конуса нарастання); другасная К. (развіваецца пазней у выніку дзейнасці камбію) — з коркі і лубу. Функцыі К. разнастайныя з-за мноства тканак, з якіх яна складаецца: перамяшчэнне арган. рэчываў ад лісця да кораня, назапашванне пажыўных рэчываў, ахова раслін ад неспрыяльных умоў знешняга асяроддзя. К. некаторых раслін выкарыстоўваецца як сыравіна для хім. прам-сці, атрымання фарбаў, лек., дубільных сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.
Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМЕ́К (Limonium),
род кветкавых раслін сям. плюмбагавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. Трапляюцца на засоленых узбярэжжах мораў і азёр, сухіх горных схілах. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К.: Бандуэлі (L. bonduellii), выемчаты (L. sinuatum), Гмеліна (L. gmelinii), Меера (L. meyeri), шыракалісты (L. platyphyllum).
Шмат- і двухгадовыя травы, радзей паўкусты выш. 10—15 см. Сцёблы ператварыліся ў бязлістыя галінастыя кветаносы, Лісце буйное, эліпса- або яйцападобнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, жоўтыя ў мяцёлчатых або шчыткападобных суквеццях. У каранях вял. колькасць дубільных рэчываў. Тэхн. і дэкар. расліны.
расійскі фізіёлаг і біяхімік раслін. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1935—53 у Ін-це біяхіміі, з 1952 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АНСССР. Навук. працы па пытаннях асіміляцыі вуглекіслаты, хімізму і абмену дубільных рэчываў, энзімалогіі расліннай клеткі. Распрацаваў вучэнне аб перамяшчэнні і запасанні арган. рэчываў у раслінах.
Тв.:
Транспорт в растениях органических веществ — метаболитов // Успехи современной биологии. 1966. Т. 62, № 2(5);
Кислородный режим корней и транспорт кислорода в растении (разам з Б.Б.Вартапецянам) // Сельскохозяйственная биология. 1970. Т. 5, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУША́НКА (Pyrola),
род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (P. chlorantha), круглалістая (P. Rotundifolia), малая (P. minor) і сярэдняя (P. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯВІ́К (Bistorta),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў горных раёнах Азіі. На Беларусі амаль па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, палянах і ў хмызняках трапляецца З. вялікі, або драсён змяіны, ці ракавыя шыйкі (B. major). З. таксама наз. віды раслін з іншых родаў і сямействаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым, звычайна змеепадобным карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі. Лісце прыкаранёвай разеткі буйное, на доўгіх чаранках, сцябловае — з доўгімі похвамі і невял. ліставымі пласцінкамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя. ружовыя або ружова-белаватыя, у густых гронкападобных суквеццях; у З. жывароднага (B. vivipara) кветкі ніжняй ч. суквецця відазменены ў клубеньчыкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Плод — 3-гранны арэшак. Лек., таніданосныя (у карэнішчах да 25% дубільных рэчываў), фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛЕ́ННЕ,
1) адзін з асн. працэсаў пры вырабе скуры і футра. У гарбарнай прамысловасці — для надання паўфабрыкату скуры з дапамогай дубільных рэчываў пластычнасці, трываласці, устойлівасці да зносу і інш.; пры вырабе футра — для замацавання стану скур пасля пікелявання. Пры Д. ўтвараюцца хім. сувязі паміж бялком (калагенам) дэрмы або валасоў і малекуламі дубільнага рэчыва. У выніку адбываюцца неабарачальныя змены якасцей дэрмы або валасоў. Д. садзейнічае павышэнню тэмпературы зварвання паўфабрыкату, памяншэнню ўсадкі аб’ёму пры высушванні, набракання ў вадзе, павелічэнню порыстасці пасля сушкі, трываласці скуры на разрыў у набраклым стане і ўстойлівасці да ўздзеяння ферментаў і розных гідралізуючых агентаў. Д. паляпшае якасць валасоў (пругкасць, змочвальнасць і інш.).
2) У фатаграфіі — хім. апрацоўка святлоадчувальных жэлацінавых слаёў фотаматэрыялаў з мэтай павелічэння іх мех. трываласці, тэрмаўстойлівасці і памяншэння ступені іх набракання ў вадзе і водных растворах. Для гэтага ў эмульсію дадаюць неарганічныя (хрома- ці алюмакаліевыя галыны, воцатнакіслы хром) і арган. (фармалін, гліаксаль і інш.) рэчывы.