Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГАРБА́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1884—1914 у Мінску. Вырабляла скуры, шавецкія загатоўкі і інш. Мела ў 1895 вадзяны рухавік (2 к.с.) і паравы кацёл; у 1913 паравы і нафтавы рухавікі (30 к.с.). У 1902 выпушчана дубленых тавараў на 48,7 тыс.руб., шавецкіх загатовак на 54,6 тыс.руб., інш. скураных тавараў на 7,2 тыс.руб. У 1913 працавала 60 рабочых. Прадукцыю збывалі ў Адэсе, Кішынёве, Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,
бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.