Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАДО́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ, манагамныя расліны,
расліны, у якіх аднаполыя кветкі — мужчынскія (тычынкавыя) і жан. (песцікавыя) або інш. мужчынскія і жан. органы размнажэння (у някветкавых раслін) знаходзяцца на адной расліне. Напр., дрэўныя расліны — бяроза, ляшчына, дуб, сасна, елка; травяністыя — кукуруза, агуркі, гарбузовыя; многія імхі, водарасці. Параўн.Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ТЫ [ад грэч. psammos пясок + ...фіт(ы)],
расліны рухомых пяскоў, пераважна пустынь. Маюць шэраг прыстасаванняў для існавання на пясках, што перавейваюцца ветрам і агаляюць карані або засыпаюць расліны і перашкаджаюць прарастанню насення. Дрэўныя і кустовыя П. ўтвараюць моцныя прыдаткавыя карані на засыпаных пяском ствалах (напр., саксаул, кандым) і парасткі з прыдаткавых пупышак на аголеных каранях (пясчаная акацыя і інш.). Травяністыя П. ўтвараюць падземныя парасткі часам у выглядзе доўгіх каранёў, што хутка растуць праз тоўшчу пяску (напр., асака пясчаная). Многія П. — эфемеры. Для памяншэння выпарэння вады шматгадовыя П. маюць дробнае моцна рэдукаванае лісце або пазбаўлены яго (фотасінтэз і транспірацыя адбываюцца праз сцябло). Плады П. лятучыя (маюць розныя прыдаткі) і не заносяцца пяском.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.
Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.І.Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.