ВО́СЦІ,

старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл. Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.

І.​М.​Браім.

Восці.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНЧУ́К (цюрк.),

1) доўгае дрэўка з шаром ці вастрыём на верхнім канцы, з пасмамі конскіх валасоў і кутасамі. Сімвал улады ў тур. пашэй, у 16—18 ст. таксама польск., літ., укр. гетманаў і атаманаў рус. казацкага войска.

2) Ударны музычны інструмент, упрыгожаны дэкаратыўнымі конскімі хвастамі, у некаторых вайсковых аркестрах.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАП’Ё,

халодная колючая або кідальная зброя, якая выкарыстоўвалася на вайне і паляванні. Вядома з эпохі палеаліту. Складалася з дрэўка і наканечніка (з каменю, косці, металу). У некат. краінах і народаў захавалася і ў сярэдневякоўі. У 18 ст. страціла былое значэнне. Засталося на ўзбраенні ў плямён Аўстраліі, Акіяніі, Бразіліі. К. таксама называецца спарт. кідальны снарад.

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАП’ЯКІ́ДАЛЬНІК,

старажытнае прыстасаванне для кідання кап’я, якое павялічвала далёкасць палёту, сілу і меткасць кідка. Вядомы з позняга палеаліту, асабліва ў абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, Амерыкі і Паўн.-Усх. Азіі. Уяўляў сабой драўляную палку ці дошку (прамавугольнай ці мечападобнай формы, шыр. 5—12 см, даўж. 30—150 см) з жалабком і ўпорам для дрэўка кап’я. Трапляліся і ў выглядзе раменнай пятлі. Паверхню К. ўпрыгожвалі разьбой, інкрустацыяй, часам фарбавалі.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДФА, мадфа,

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.

Модфа.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗА́Н (ням. Partisane ад франц. pertuisane),

кап’ё з плоскім і доўгім металічным наканечнікам, замацаваным на дрэўку даўжынёй да 2,5 м і больш. Наканечнік упрыгожвалі арнаментам, выявай герба і інш.; дрэўка размалёўвалі або абшывалі аксамітам, шоўкам і інш. У 16 ст. П. — зброя ландскнехтаў, У 17 — целаахоўнікаў пры манархах, у т. л. ў Рэчы Паспалітай. Пад назвай эспатон быў на ўзбраенні рас. арміі да пач. 19 ст.

Пратазан з выявай гербаў Рэчы Паспалітай. Каля 1700.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКАНЕ́ЧНІК,

1) частка ручной кідальнай зброі, якая мацавалася на канцы дрэўка дзіды, кап’я, стралы, суліцы і інш. Найб. стараж. вядомы з эпохі палеаліту, часцей трапляюцца на помніках эпох мезаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў і ў часы сярэднявечча. Рабілі з каменю, косці, дрэва, металу; мацавалі да зброі смалой, бярозавым варам і інш. Формы і памеры Н. залежалі ад таго, у які час іх выраблялі і да якой культуры яны належалі.

2) Элемент канструкцыі гал. часткі артыл. снарада, што павышае яго баявыя ўласцівасці. Адрозніваюць Н. балістычны і бранябойны.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЫ́Ш (польск. berdysz),

старадаўняя халодная зброя ў выглядзе насаджанай на драўлянае дрэўка сякеры з лязом у форме паўмесяца. Вядомы ў краінах стараж. Усходу, у 15 — пач. 18 ст. па ўсёй Еўропе. Пашыраны ў Рус. дзяржаве ў 16—17 ст., выкарыстоўваўся пешымі воінамі, пераважна стральцамі. На Беларусі ў 16 — пач. 18 ст. масавая зброя гараджан і сялян-паўстанцаў, гар. начной варты і брамнікаў. У час археал. раскопак знойдзены бярдыш 12, 14—17 ст. у Віцебску, Брэсце, Гродне, Мінску, Мядзеле і інш. Бел. збройнікі выраблялі бердышы простыя і «набіўныя срэбрам з абухамі». Блізкім да бердыша відам зброі была алебарда.

Бярдыш. 12 ст. Віцебск.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),

дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.

Да арт. Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял. Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.

А.​С.​Фядосенка.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)