НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),

артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.​Коласа (на смерць Я.​Купалы), «Памяці Б.​В.​Платонава» Г.​Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.​Грахоўскага (на смерць І.​Мележа).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.​Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.

Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.

Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.​Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПТО́НЕЎ (Стэфан Дзімаў) (н. 8.11.1928, г. Ляскавец, Балгарыя),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Сафійскі ун-т (1951). Друкуецца з 1948. Асн. тэма творчасці — жыццё сучаснай Балгарыі (раманы «Апошні стрэл», 1967, «Самая паўночная поўнач», 1975, «Афера», 1980; аповесці «Цуд», 1969, «Спачатку быў хлеб», 1983; кнігі апавяд. «Сваякі», 1967, «Ліст да патомкаў», 1977, «Замах», 1983). Зб-кі паэзіі «Адзіны месяц сакавік» (1970), «Пасля ўрачыстасцей» (1982) адметныя спалучэннем лірыкі і публіцыстыкі. Піша для дзяцей і юнацтва. Неаднаразова наведваў Беларусь. Уражанні ад паездак у кнігах нарысаў «Беларусь — белая балада» (1971), публіцыстыкі «Адлегласці» (1975), «Мяне абудзіць світанне» (1977), «Сібірскі сшытак» (1978), «Кап’ё» (1979), зб. вершаў «Бярозы, я ў вашым палоне!» (1972), паэме «Беларуская восень» (1982). Аўтар артыкулаў пра бел. гісторыю, культуру і л-ру («Крыніца, што адлюстроўвае душу народа», 1981; «Маладосць стагоднікаў» і «Перш чым паехаць на Беларусь...», абодва 1982). На балг. мову пераклаў вершы Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, Р.​Барадуліна, Н.​Гілевіча, А.​Вярцінскага, В.​Лукшы, П.​Макаля. Яго творы на бел. мову пераклалі У.​Анісковіч, Барадулін, Гілевіч, С.​Законнікаў, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, В.​Нікіфаровіч, А.​Разанаў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Беларусь — белая балада. Мн., 1979;

Беларуская паэма // Полымя. 1981. №2;

Рука;

Аповесць // Там жа. 2000. №10;

У кн.: Такая любоў: Сучасная балгарская аповесць. Мн., 1987;

У кн.: Знічкі сямі нябёс. Мн., 1992.

Літ.:

Гардзіцкі А.К. Сафійскія гутаркі // Гардзіцкі АК. Вачыма сяброў. Мн., 1977;

Нікіфаровіч В. Вачыма і сэрцам друга // Нікіфаровіч В. Дарогі ў шырокі свет. Мн., 1979.

т. 12, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РЫС,

эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).

Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.​Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.​Радзішчаў, М.​Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.​Даль, Дз.​Грыгаровіч, А.​Пушкін, М Гогаль, М.​Някрасаў, І.​Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.​Мамін-Сібірак, Л.​Талстой, М.​Ляскоў, У.​Караленка, А.​Чэхаў, В.​Верасаеў, М.​Памялоўскі, В.​Сляпцоў, Ф.​Рашэтнікаў, М.​Лявітаў, Г.​Успенскі, У.​Гіляроўскі і інш. Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.​Горкаму, А.​Серафімовічу, Дз.​Фурманаву, Л.​Рэйснер, М.​Шагінян, М.​Кальцову, В.​Авечкіну, Б.​Агапаву, Я.​Дорашу, Г.​Радаву, Г.​Траяпольскаму, Ю.​Казакову, В.​Пяскову, М.​Міхайлаву і інш.

Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.​Шпілеўскага, У.​Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.​Шэйна, Е.​Раманава, М.​Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.​Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.​Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.​Колас («З румынскага фронту», 1917), М.​Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.​Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.​Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.​Колас, К.​Чорны, Я.​Скрыган, М.​Лынькоў, З.​Бядуля, Э.​Самуйлёнак, П.​Броўка, П.​Глебка, Х.​Шынклер, С.​Баранавых, У.​Мяжэвіч, Ю.​Лявонны і інш. У Вял. Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.​Чорнага, К.​Крапівы, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.​Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.​Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.​Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.​Дадзіёмава, А.​Кулакоўскага, В.​Мысліўца, Э.​Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.​Брыля, «Ліпень у дарозе» І.​Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.​Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.​Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.​Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.​Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.​Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.​Казловіча, «Час гаспадароў» М.​Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.​Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.​Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.​Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.

Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.​Гігевіча і А.​Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.​Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.​Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.​Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.​Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.​Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.​Грахоўскага і інш.

Публ.:

Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.

Літ.:

Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;

Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;

Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;

Стральцоў Б. Публ шыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;

Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг. Мн., 1991.

А.​Ф.​Лысенка.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.​Байран, Г.​Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.​Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.​Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.​Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.​Рабле, М.​Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.​Мора, Т.​Кампанелы, С.​Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.​Кук, Ж.​Лаперуз, В.​Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Т.​Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.​Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.​Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.​В.​Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.​Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.​Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.​Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.​Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.​Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.​Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.​Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.​Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.​Л.​Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.​Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.​Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.​Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.​І.​Кусто, Б.​Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.​К.​Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.​Старавольскага, Г.​Пельгрымоўскага, І.​Б.​Сапегі, І.​Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.​Барстоўскага, А.​Каменскага-Длужыка, Ф.​Котава, Т.​Білевіча, у 18 ст. — Я.​Сапегі, Я.​Комара, Л.​Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.​П.​Сапегі, С.​Маскевіча, А.​Філіповіча, Я.​Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.​Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.​Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.​Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.​Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.​Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.​Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.​Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.​Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.​Ельскага (1898), мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.​Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.​Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.​Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.​Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.​Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.​Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.​Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.​Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.​Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.​Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.​Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.​Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.​Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.​Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.​Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.​Л.​Гаранін.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)