Драцэна 2/566

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЦЭ́НА (Dracaena),

род кветкавых раслін сям. драцэнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Растуць на горных схілах, у прыбярэжных вільготных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць Д. пахучую (D. fragrans), стракаталістую, дзярэмскую (D. deremensis), зеленалістую Гукера (D. hookeriana).

Шматгадовазялёныя дрэва- і кустападобныя расліны. Лісце сядзячае, падоўжана-ланцэтападобнае, скурыстае, цвёрдае, зялёнае, шэра-зялёнае або стракатае. Кветкі правільныя, двухполыя, звычайна белыя, крэмаватыя, жаўтаватыя або ружовыя, пахучыя, сабраны на верхавінках у мяцёлкі або пучкі. Плод — ягада. Цвітуць рэдка. Размнажаюць насеннем, верхавінкавымі або сцябловымі чаранкамі. Тэхн. (лаканосныя, фарбавальныя, валакністыя), лек. і дэкар. расліны. Некаторыя дрэвападобныя віды Д., у якіх з надрэзаў кары выцякае хрывава-чырв. смаляністы сок, наз. драконавым дрэвам.

Г.У.Вынаеў.

Драцэна дзярэмская.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),

кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.

Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв. смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д называюць таксама некаторыя інш. віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д, кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.

Г.У.Вынаеў.

Драконава дрэва.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛЕЯКВЕ́ТНЫЯ (Liliales),

парадак аднадольных раслін. Каля 20 сям., больш за 6,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 сям. (лілейныя, спаржавыя, цыбулевыя), 14 родаў (бялюк, гусіная цыбуля, купена, ландыш, лілея, майнік, мудранка, пазнацвет, спаржа, тафільдыя, цыбуля, цюльпан, чамярыца, птушкамлечнік) і шмат інтрадукаваных відаў з родаў алоэ, амарыліс, белакветнік, гальтонія, гіяцынт, драцэна, красадзён, нарцыс, рабчык і інш. Лілея кучаравая (царскія кучары), мядзведжая цыбуля (чарамша), познацвет асенні, тафільдыя чашачкавая, цюльпан лясны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травы з карэнішчам, цыбулінамі ці клубнецыбулінамі, радзей дрэвападобныя расліны, некат. ліяны. Лісце суцэльнае. Кветкі звычайна двухполыя, правільныя ў гронках, мяцёлках і інш. суквеццях. Плод — каробачка, часам — ягада. Лек., агароднінныя, інсектыцыдныя, меданосныя, тэхн., дэкар., пакаёвыя расліны; ёсць ядавітыя.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 6. Цветковые растения. М., 1982.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)