ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.
Літ.:
Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;
Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА АКВАРЭ́ЛІ,
мастацкая школа ў Віцебску. Пачала складвацца на пач. 1950-х г. Характэрныя рысы — засяроджанасць на выяўленні жывапісных якасцей акварэлі, праблеме каларыту, сувязь з традыцыямі мясц. культуры. Каля вытокаў Віцебскай школы акварэлі стаяў І.Сталяроў. У фарміраванне яе традыцый зрабілі ўклад мастакі Ф.Гумен, А.Карпан, М.Ляўковіч, В.Ляховіч, В.Ральцэвіч, А.Кастагрыз, І.Шкуратаў. У традыцыях Віцебскай школы акварэлі мастакі працавалі і працуюць у розных манерах, кірунках (Л.Воранава, М.Драненка, У.Іваноў, І.Кісялёў, В.Лук’янава, У.Напрэенка, Я.Панамарэнка, Р.Танковіч, Г.Шутаў, А.Шыёнак і інш.). У 1995 створана суполка «Віцебская акварэль», якая аб’ядноўвае найб. вядомых прадстаўнікоў школы.
Літ.:
Цыбульскі М. Акварэльная аўра Віцебска // Беларусь. 1995. № II;
Рынковіч У. І лёд, і полымя // Мастацтва. 1995. № Ю. М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Віцебская школа акварэлі. А.Шыёнак. Веснавы разліў. 1996.Да арт.Віцебская школа акварэлі. В.Ральцэвіч. Віцебск. 1985.Да арт.Віцебская школа акварэлі. І.Сталяроў. Навальнічныя воблакі. 1985.Да арт.Віцебская школа акварэлі. Ф.Гумен. Сонца над горадам. 1996.Да арт.Віцебская школа акварэлі. Г.Шутаў. Маятнік. 1995.Да арт.Віцебская школа акварэлі. А.Карпан. Нацюрморт. 1996.