ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.​Малахава (1981), механізатара М.​Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.

Літ.:

Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;

Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.​Цыбульскі. Віцебск, 1996.

М.​Л.​Цыбульскі.

М.Драненка. Камянецкі пейзаж. 1990.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА АКВАРЭ́ЛІ,

мастацкая школа ў Віцебску. Пачала складвацца на пач. 1950-х г. Характэрныя рысы — засяроджанасць на выяўленні жывапісных якасцей акварэлі, праблеме каларыту, сувязь з традыцыямі мясц. культуры. Каля вытокаў Віцебскай школы акварэлі стаяў І.Сталяроў. У фарміраванне яе традыцый зрабілі ўклад мастакі Ф.​Гумен, А.​Карпан, М.​Ляўковіч, В.​Ляховіч, В.​Ральцэвіч, А.​Кастагрыз, І.​Шкуратаў. У традыцыях Віцебскай школы акварэлі мастакі працавалі і працуюць у розных манерах, кірунках (Л.​Воранава, М.​Драненка, У.​Іваноў, І.​Кісялёў, В.​Лук’янава, У.​Напрэенка, Я.​Панамарэнка, Р.​Танковіч, Г.​Шутаў, А.​Шыёнак і інш.). У 1995 створана суполка «Віцебская акварэль», якая аб’ядноўвае найб. вядомых прадстаўнікоў школы.

Літ.:

Цыбульскі М. Акварэльная аўра Віцебска // Беларусь. 1995. № II;

Рынковіч У. І лёд, і полымя // Мастацтва. 1995. № Ю. М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Віцебская школа акварэлі. А.​Шыёнак. Веснавы разліў. 1996.
Да арт. Віцебская школа акварэлі. В.​Ральцэвіч. Віцебск. 1985.
Да арт. Віцебская школа акварэлі. І.​Сталяроў. Навальнічныя воблакі. 1985.
Да арт. Віцебская школа акварэлі. Ф.​Гумен. Сонца над горадам. 1996.
Да арт. Віцебская школа акварэлі. Г.​Шутаў. Маятнік. 1995.
Да арт. Віцебская школа акварэлі. А.​Карпан. Нацюрморт. 1996.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)