Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),
від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі 1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.
Да арт.Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНАДЗЁРЫ (франц. grenadiers ад grenade граната),
від пяхоты і кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 17—20 ст. З’явіліся ў Францыі ў Трыццацігадовую вайну 1618—48, пазней — у Прусіі, Расіі (існавалі ў 1694—1917), Вялікабрытаніі (з 1697) і інш. У баі спалучалі ружэйную стральбу з кіданнем ручных гранат; конныя грэнадзёры ў конным страі дзейнічалі, як драгуны, у пешым — як гранатамётчыкі. З сярэдзіны 18 ст. — салдаты адборных гвардз. і інш. часцей і падраздзяленняў (напр., грэнадзёрская рота палка пешай гвардыі ВКЛ). У цяперашні час грэнадзёры захаваліся ў каралеўскай гвардыі сухап. войск Вялікабрытаніі (1-ы і 2-і Грэнадзёрскія батальёны) і, як назва мотапяхоты, у арміі ФРГ («панцэр-грэнадзёр»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,
выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач.студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РЫЯ (італьян. cavalleria ад лац. caballus конь),
конніца, род сухапутных войск, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэг. задачы, у т. л. праводзіла самаст. дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вял. адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.
Зарадзілася ў краінах Стараж. Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў 9 ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная К. ўтворана ў Стараж. Грэцыі, вял. развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.). У далейшым была адным з гал. родаў войск у многіх дзяржавах.
У Беларусі прыкметы існавання К. вядомы з 1 ст. да н.э. (шпора з гарадзішча Чаплін). З развіццём дзярж. адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў. Да 12 ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невял. шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У 13—14 ст.К ператварылася ў асн. род войска. У канцы 14 — пач. 15 ст. ў сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вял. пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам. У канцы 15 — пач. 16 ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «даспешных» і «шчытовых» (гусараў). З 16 ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з 14 ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы 16 — пач. 17 ст. адбылося рэфармаванне К., яна падзелена на цяжкую (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую. З 18 ст. К. ў асн. ужо не карысталіся ахоўным даспехам. К. адыграла значную ролю ў ваен. дзеяннях на тэр. Беларусі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я і 10-я гвардзейскія казацкія) дывізіі і інш.кав. часці. Гл. таксама Драгуны, Кірасіры, Уланы.
Літ.:
Гатовский В.Н. Конница. Кн. 1—2, 4. М., 1925—28;
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994.