МАГЕ́РКА,

старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.

М.Ф.Раманюк.

Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ КА́ФЛЯ,

вырабы рамеснікаў-ганчароў 14—19 ст. у Гродне, выяўленыя на тэр. Гродзенскага Старога замка і Гродзенскага манастыра базыльянак. Найб. раннімі з’яўляюцца гаршковыя кафлі з круглым вусцем і дыяметрам донца 7—8 см. Кафлі 2-й пал. 16 ст. маюць каробкападобную румпу і квадратную паліваную або тэракотавую ўвагнутую вонкавую пласціну з адагнутай вонкі рамкай і выявай кветкі пасярэдзіне. На кафлі 17 ст. выявы барочнага характару з раслінным, геаметрычным, зааморфным арнаментам (часам у спалучэнні); некат. маюць выяву коннага рыцара. Кафлі 18 ст. вызначаюцца спрошчаным малюнкам і адсутнасцю рамкі, у канцы стагоддзя пачалі вырабляць размаляваныя кафлі з выявамі жанравых сцэн. На мяжы 19—20 ст. наладжана прамысл. вытв-сць кафлі ў стылі «мадэрн» з насычаным рэльефным малюнкам.

І.М.Чарняўскі.

т. 5, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст.пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.М.Сацута.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)