ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,

выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.

У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),

сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.

Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл. Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МЕННАЯ ПЕЧ, домна,

шахтавая печ для выплаўкі чыгуну з жалезарудных матэрыялаў (афлюсаванага агламерату, акатышаў, жал. руды). Характарызуецца карысным аб’ёмам (бывае да 5000 м³ і больш) і прадукцыйнасцю (да 12 000 т/сут і больш). Працягласць бесперапыннага дзеяння ад пуску да спынення на капітальны рамонт (т.зв. кампанія) 10—15, часам 20 і больш гадоў.

Зверху праз калашнік у печ загружаюць порцыямі (калошамі) зыходную плавільную сыравіну (шыхту), знізу праз фурмы ў горне падаюць нагрэтае і абагачанае кіслародам паветра, вадкае. газа- або пылападобнае паліва. У шахце з жалезаруднай часткі шыхты адбываецца ўзнаўленне жалеза з вокіслаў і насычэнне яго вугляродам, у выніку чаго ўтвараецца чыгун (гл. Доменны працэс). У распары (самая шырокая цыліндрычная ч. печы) і заплечыках (конусная ч.) чыгун і шлак плавяцца (пераходзяць у вадкі стан) і праз спец. адтуліны (ляткі) перыядычна выпускаюцца ў каўшы. Доменны газ, які ўтвараецца ў доменным працэсе, выходзіць з Д.п. праз газаадводы; шлак гранулюецца (выкарыстоўваецца ў буд-ве). Д.п. футэруюць вогнетрывалай муроўкай: верхнюю ч. выкладваюць малагліназёмістым, ніжнюю — высокагліназёмістым шамотам; ч. горна, дзе назапашваецца чыгун. і под — вугляродзістымі блокамі. Звонку печ адзяецца ў стальны кажух, які ахалоджваецца пераважна праточнай вадой. Д.п. абсталёўваецца скіпавымі пад’ёмнікамі з ваганеткамі або канвеерамі, сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі вытв. працэсу. Непадалёку ад Д.п. звычайна размяшчаецца агламерацыйная ф-ка (гл. Агламерацыя). Д.п. з’явіліся ў Еўропе ў сярэдзіне 14 ст., у Расіі каля 1630.

Доменная печ 1 — чыгунны ляток; 2 — паветраная фурма; 3 — горан; 4 — шахта; 5 — скіп; 6 — шыхта; 7 — засыпное прыстасаванне; 8 — комін; 9 — паветрападагравальнік; 10 — газаачышчальнікі; 11 — шлакавы ляток.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ННЕ,

фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.

Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).

В.​Л.​Ганжа.

т. 5, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)