ЛАМА́НАЯ РЫ́ФМА,
канцавая рыфма, якая звязвае не цэлыя словы, а толькі часткі іх, раздзеленыя (разламаныя) міжрадковымі паўзамі:
Яны вучылі ненавідзець пана,
яшчэ — кахаць хаўрус сям’і працоў-
ных і працы. І ў абшарпана-
га пастушка будзілі кроў.
(У.Дубоўка. «Там, дзе азёры»).
Пры фармальнай зададзенасці Л.р. можа служыць больш дынамічнаму, рытмічнаму стварэнню вобразаў:
Прысніў-
ся мне
звон дзіў-
ны ў сне.
Прыйшоў
я ў гай —
мой жоў-
ты край.
(Я.Сіпакоў. «Мелодыя на званах»).
В.П.Рагойша.
т. 9, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́БІШ (Анатоль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Брат В.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе дырэктарам Дома культуры ў Брэсце. Друкуецца з 1983. Аўтар зб. вершаў «Калядная вячэра» (1992), «Стодзівы» (1995). Тэматычны дыяпазон паэзіі Д. разнастайны — ад часоў паганства («Зніч», «Мара», «Чарнабог», «Пераплут», «Дзіў», «Велямос») да нашых дзён. Грунтуючыся на бел. нар. міфалогіі і фальклоры, аўтар асэнсоўвае стараж. светаўспрыманне, светабачанне і светаразуменне нашых далёкіх продкаў, яднае язычніцкія ўяўленні і хрысціянскія ідэалы, пяе хваласпеў жанчыне, каханню. Развівае жанры санета, балады, трыялета, элегіі, паэт. форму тэрцыны.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)