род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.
Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т,
гіпапатам (Hippopotamus amphibius), род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНЫ КІТ,
блювал, сіні кіт (Balaenoptera musculus), марское млекакормячае сям. паласацікаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах ад Арктыкі да Антарктыкі.
Самая буйная жывёла Зямлі, даўж. да 33 м, маса да 160 т. Цела цёмна-шэрае з блакітнаватым адценнем (адсюль назва), усыпанае светла-шэрымі плямамі і мармуровым узорам. Замест зубоў на верхняй сківіцы рагавыя пласціны (кітовы вус), да 400 пар, выш. да 1 м. Праз яго блакітны кіт адцэджвае з вады планктонных рачкоў, якімі корміцца. Нараджае кожныя 2 гады дзіцянядаўж. 6—9 м, масай 2—3 т, якое корміць малаком каля 7 месяцаў. Амаль вынішчаны дзеля атрымання тлушчу, мяса, кітовага вуса. Здабыча забаронена. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮГО́НЬ
(Dugong dugon),
воднае млекакормячае сям. дзюгоневых атр. сірэн; адзіны від. Жыве ў Індыйскім і зах.ч. Ціхага ак. каля берагоў Усх. Афрыкі, Паўд. Азіі, а-воў Рукю, Маршалавых і Саламонавых. Зрэдку заходзіць у вусці рэк. Трымаецца па адным або парамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 2,5—3,2 м (да 5,8 у самцоў), маса да 170 кг Тулава верацёнападобнае. Спіна зеленаватая, шаравата-бураватая або чарнаватая, бруха ружаватае або белаватае. Хваставы плаўнік двухлопасцевы, гарызантальны. Галава невял., маларухомая. У кожнай сківіцы 1 пара разцоў і 2 пары карэнных зубоў. У самцоў верхнія разцы ператварыліся ў біўні даўж. 20—25 см. Корміцца воднай расліннасцю. Нараджае 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНЦІ́НЫ
(Trichechus),
род водных млекакормячых атр. сірэн. Вядомыя з плейстацэну Паўн. і міяцэну Паўд. Амерыкі. 3 віды, 2 падвіды. Пашыраны каля берагоў Цэнтр. Амерыкі, у р. Амазонка і яе эстуарыі, каля атл. берагоў трапічнай Афрыкі і бас.р. Нігер. Жывуць на марскіх мелкаводдзях, у вусцях і нізоўях рэк. Трымаюцца групамі. Усе віды і падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 5 м, маса да 400 кг. Афарбоўка ад шэрай да чорна-шэрай. У адрозненне ад большасці млекакормячых маюць 6 шыйных пазванкоў. Верхняя губа раздвоеная. Замест разцоў рагавыя пласціны. На ластах 3 сярэднія пальцы з пазногцепадобнымі капыткамі Хваставы плаўнік закруглены. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАПЯ́ТЫ
(Tarsius),
адзіны род сям. даўгапятых атр. прыматаў. 3 віды: Д. філіпінскі, або сірыхта (Т. syrichta), Д. заходні, або банканскі (Т. bancanus) і Д.-здань, або ўсходні, ці макі-дамавы (Т. spectrum). Пашыраны на а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у трапічных дажджавых лясах, зарасніках кустоў на нізінных участках і па берагах рэк. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 8—16 см, хваста 13—27 см, Maca 80—165 г. Футра густое, шэра-карычневае.
Галава вял., паварочваецца на 180°. Вочы вял., ярка-жоўтыя, свецяцца. Вушы голыя, рухомыя. Заднія канечнасці больш доўгія за пярэднія за кошт падаўжэння пятачнай косці (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, яшчаркамі. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБО́НЫ
(Hylobates),
род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (Н. concolor), гібон серабрысты (Н. moloch), гібон чорнашапачны (Н. pileatus), сіяманг карлікавы (Н. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (Н. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТАНО́ГІЯ
(Pinnipedia),
атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.
Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДЫ
(Camelus),
род млекакормячых сям. вярблюдавых атр. парнакапытных. 5 відаў, у т. л. 2 сучасныя: вярблюд аднагорбы, або драмедар (Camelus dramedarius), і вярблюд двухгорбы, або бактрыян (Camelus bactrianus). Пашыраны ў пустынях і сухіх стэпах Усх. Еўропы, Азіі, Афрыцы.
Даўж. цела да 3,6 м, выш. ў плячах да 2,5 м, маса да 800 кг. Поўсць вярблюда аднагорбага чырванавата-шэрая, двухгорбага — цёмна-бурая. Шыя доўгая, дугападобная. На запясцях, локцях, грудзях і каленях мазалі, таму вярблюды здольны ляжаць на гарачым (да 70 °C) грунце. Лапы шырокія, мяккія, лёгка ідуць па сыпучых пясках. У гарбах назапашваецца тлушч (да 120 кг), які расходуецца пры нястачы корму. Доўгі час (да 10 сут) могуць абыходзіцца без піцця (трацяць да 25% масы) і піць саленаватую ваду. Кормяцца раслінамі, у т. л. калючымі. Раз у 2 гады нараджаюць 1 дзіцяня. Прыручаны чалавекам больш за 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстоўваюцца як запражныя, уючныя і верхавыя жывёлы. Ад вярблюдаў атрымліваюць малако, мяса, шэрсць, тлушч. Гл.Вярблюдагадоўля.