1) Дз. напружання — электратэхнічная прылада для дзялення напружання пастаяннага (ці пераменнага) току на часткі. Складаецца з актыўных або рэактыўных электрычных супраціўленняў. Пры нізкіх напружаннях выкарыстоўваюць актыўныя (амічныя) Дз., для пераменнага току, акрамя таго, рэактыўныя (ёмістыя, індуктыўныя) Дз., для высокіх напружанняў — ёмістыя (на пераменным току) і актыўныя (на пастаянным току). З дапамогай Дз. адбіраюць невял. магутнасці ад лініі электраперадачы, вымяраюць напружанне і інш.Гл. таксама Атэнюатар, Рэастат.
2) Дз. частаты — радыёэлектронная прылада для змяншэння частаты падведзеных эл.магн. ваганняў у цэлую колькасць разоў. Для дзялення частаты выкарыстоўваюць нелінейныя прылады: электронныя лічыльнікі, імпульсныя генератары (напр., блокінг-генератары, мультывібратары), генератары з самаўзбуджэннем і інш. Выкарыстоўваюць у сінтэзатарах частот, хранізатарах, кварцавых гадзінніках, радыё- і вымяральнай тэхніцы, электрасувязі, радыёлакацыі, тэлебачанні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГАДЗІ́ННІК,
асабліва дакладны гадзіннік, у якім для адліку часу выкарыстоўваюцца ваганні кварцавага рэзанатара. Ваганні рэзанатара ўзбуджаюцца кварцавым генератарам. К. г. мае таксама дзялільнік частаты (дазваляе атрымліваць нізкачастотныя сігналы дакладнага часу) і лічыльнік імпульсаў. З дапамогай К. г. вымяраюць інтэрвалы часу з адноснай хібнасцю да 10−10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭНЮА́ТАР (ад франц. atténuer змякчаць, памяншаць),
прыстасаванне ў электра-, радыётэхніцы і вымяральнай апаратуры, якое памяншае напружанне, сілу току і магутнасць эл.-магн. ваганняў. Адрозніваюць атэнюатары паглынальны (прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні эл.-магн. энергіі ў правадніках і дыэлектрыках) і гранічны (выкарыстанне з’явы згасання эл.-магн. хваляў у радыёхваляводзе). Найпрасцейшы атэнюатар — дзялільнік напружання з пераменным рэзістарам (гл.Рэастат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫВІБРА́ТАР (ад мульты... + вібратар),
двухкаскадны імпульсны генератар, які стварае разрыўныя ваганні амаль прамавугольнай формы. Выкарыстоўваецца як генератар імпульсаў, дзялільнік частаты, бескантактны пераключальнік у радыёлакацыі, аўтаматыцы, вымяральнай і выліч. тэхніцы і інш.
Вырабляецца на электронных лямпах, транзістарах (найб. пашырана), тырыстарах і інтэгральных мікрасхемах. Можа працаваць у неперарыўным ці чакальным рэжымах генерацыі. У чакальным рэжыме (затарможаны М., аднавібратар, спускавое прыстасаванне, кіпрэле) М выкарыстоўваецца як фарміравальнік імпульсаў, для затрымкі імпульсаў, а таксама для шыротна-імпульснай і фазава-імпульснай мадуляцыі ваганняў і інш. Існуюць мнагафазныя (л-фазныя) М., якія генерыруюць паслядоўнасць л зрушаных у часе і прасторы імпульсаў і выкарыстоўваюцца ў многаканальных сістэмах адбору, перадачы і пераўтварэння інфармацыі. Гл. таксама Імпульсная тэхніка.
Схема сіметрычнага мультывібратара (а) і сігналы (б), што ім генерыруюцца: Tp1, Tp2 — транзістары; C1, C2 — кандэнсатары; R1—R4 — рэзістары; E — напружанне крыніцы сілкавання; UK — напружанне на калектары (выхадны сігнал); T — перыяд ваганняў; T1, T2 — працягласць рабочых тактаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНОЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі і першаснай апрацоўкі лёну-даўгунцу. Да іх адносяцца лёнаўборачныя камбайны, ільноцерабілкі, падборшчыкі-ачэсвальнікі, пераварочвальнікі і ўспушвальнікі льностужак, рулонныя прэс-падборшчыкі трасты.
Ільноўборачны камбайн — прычапны да трактара «Беларусь», бывае з вязальным апаратам або з рассцілачным шчытом. Адначасова цярэбіць лён, ачэсвае насенныя галоўкі, звязвае льносаломку (ачасаныя сцёблы) у снапы або рассцілае яе стужкай па полі, збірае ачасаныя галоўкі ў прычэп. Насенныя галоўкі сушаць актыўным вентыліраваннем або з дапамогай сушыльнай устаноўкі, перапрацоўваюць на малатарні-веялцы. Ільноцерабілка (звычайна франтальная навясная) вырывае лен і рассцілае яго стужкаю на полі. Падборшчыкі-ачэсвальнікі падымаюць прасохлыя стужкі лёну, ачэсваюць насенныя галоўкі, пераварочваюць ачасаныя сцёблы, рассцілаюць іх зноў на льнішчы і збіраюць ачасаныя галоўкі ў бункер. Ворах ад падборшчыка-ачэсвальніка возяць трактарнымі прычэпамі або аўтамабілямі на перапрацоўку на малатарні-веялцы. Для паскарэння прасыхання льносаломы выкарыстоўваюць пераварочвальнік або ўспушвальнік стужак. Рулонны прэс-падборшчык трасты падбірае трасту і звязвае яе ў кіпы-рулоны. Складаецца з падборачнага барабана, вязальнага апарата, прэс-камеры. Пры выкарыстанні падборшчыкаў, якія падбіраюць і звязваюць трасту ў снапы, апошнія абмалочваюць ільномалатарнямі. Яны ачэсваюць снапы, пераціраюць галоўкі, выдаляюць насенне, папярэдне ачышчаюць яго. Завяршае тэхнал. працэс перапрацоўка трасты на валакно з дапамогай ільнотрапальных і кудзелепрыгатавальных машын (гл.Ільноапрацоўчыя машыны).