ДЗЯ́КЛА, дзякло,

прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.

В.​І.​Мялешка.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЙВІД,

кіраўнік сял. паўстання ў ВКЛ у 1544—45. Сяляне Укмергскай і Анікштайскай валасцей, незадаволеныя патрабаваннем вял. князя адправіць у Вільню дзякла (падатак), а таксама злоўжываннямі аканома Кміты, напалі на атрад велікакняжацкага прадстаўніка Ката. Неўзабаве атраду вял. князя ўдалося ўзяць буйвіда ў палон, але хваляванні працягваліся.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ ПАДА́ТАК,

абавязковы падатак на карысць дзяржавы, феадала або царквы, які сяляне плацілі натураю (збожжам, сенам, мёдам, воскам, футрам, птушкаю, яйкамі, рыбай, пражай і інш). На Беларусі да 16 ст. быў асн. формаю павіннасцей (гл. Аброк, Даніна, Дзякла, Дзесяціна, Стацыя). З развіццём таварнай вытв-сці Н.п. заменьваўся грашовым.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

катэгорыя феад.-залежных сялян ВКЛ у 16 ст., гал. павіннасцю якіх была асада. Паводле «Уставы на валокі» 1557 яны, як і цяглыя сяляне, плацілі чынш, давалі дзякла і стацыю натурай або грашамі, адбывалі талокі і згоны. Кошт усіх асн. павіннасцяў складаў 106 грошаў з валокі добрай зямлі і 66 грошаў з валокі дрэннай зямлі. Асадныя сяляне пераважалі ў дзярж. уладаннях і складалі значную колькасць у маёнтках буйных феадалаў. З развіццём фальварка доля Асадных сялян змяншалася. На У Беларусі большасць сялян былі асадныя.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1434,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Жыгімонтам Кейстутавічам у Троках 6.5.1434 у час Свідрыгайлы паўстання 1432—39. Быў накіраваны на з’яднанне ўсіх феадалаў вакол Жыгімонта. Ураўнаваў саслоўныя, маёмасныя і асабістыя правы літ., бел. і ўкр. князёў і баяр, забяспечваў асабістую свабоду і недатыкальнасць феадалаў, гарантуючы ім разгляд іх спраў у судзе на падставе законаў. Пацвярджалася права князёў і баяр свабодна распараджацца сваімі спадчыннымі маёнткамі, вызваленне іх падданых ад усіх падаткаў, данін, дзякла і павіннасцей на карысць велікакняжацкага скарбу, акрамя павіннасці будаваць і рамантаваць велікакняжацкія замкі і дарогі. Бел. і ўкр. князям і баярам дазвалялася карыстацца гербамі і інш. знакамі шляхецтва. Пашырыў саслоўныя правы ўсіх феадалаў ВКЛ і аб’яднаў іх у адзінае саслоўе з агульнымі саслоўнымі і класавымі інтарэсамі. Правасл. бел. і ўкр. баяры атрымалі магчымасць без абмежаванняў уваходзіць у склад кіруючага ўладнага органа — Рады Вялікага княства Літоўскага. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)