Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.),
выдмы, формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСКЕ́Н (ад бія... + грэч. skene першапачатковая палатка),
найменшая гарыз. структурная адзінка мазаічнай экасістэмы, якая характарызуецца аднароднымі абіятычнымі ўмовамі і ўласным, спецыфічным для яе наборам відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў (напр., пясчаныя дзюны, дробныя вадаёмы, паверхня ліста або каменя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКАШО́Н (Arcachon),
кліматычны курорт на беразе Біскайскага заліва ў Францыі. На ПдЗ ад г. Бардо. Узнік у 19 ст. Мяккі марскі клімат без рэзкіх ваганняў т-ры, пляж даўж. каля 6 км, дзюны, хвойнікі. Шматлікія санаторыі і гасцініцы. Буйнейшы ў Еўропе цэнтр па здабычы вустрыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНХАЛЬМ (Bornholm),
востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс.чал. (1994). Складзены ў паўн.ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ ў геамарфалогіі, агульная назва невысокіх, выцягнутых узвышшаў рознага памеру і паходжання. У ледавіковых абласцях (Бел. Паазер’е) утварыліся марэнныя грады (марэны) з нагрувашчванняў ледавіковых адкладаў і озавыя (озы). У абласцях пашырэння пясчаных адкладаў (Бел. Палессе, Каракумы, узбярэжжа Балтыйскага м.) узніклі пясчаныя грады ветравога паходжання (дзюны, барханы). У выніку размыву нахіленых у адзін бок пластоў горных парод рознай цвёрдасці ўтварыліся куэставыя грады (куэсты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РШСКАЯ КАСА́, Куршы-Нерыя,
пясчаны паўвостраў на паўд.-ўсх. узбярэжжы Балтыйскага м., у Літве (паўн.-ўсх.ч.) і Калінінградскай вобл. Расіі (паўд.-зах.ч.). Даўж. 98 км. Шыр. 0,4—3,8 км. Характэрны дзюны (выш. да 70 м), б.ч. парослыя лесам (з хвоі, чорнай вольхі, з дамешкамі дуба, ліпы, вяза і інш.). Прыродны нац. парк. На К.к. — г. Нерынга (Літва).