ДЗЮ́НЫ

(ням. Düne, адз. л.),

выдмы, формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.

Пясчаная дзюна на ўзбярэжжы Прыбалтыкі.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЕН (Goyen) Ян ван

(13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),

галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.

А.М.Пікулік.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)