ДЗЮДО́

(ад яп. дзю мяккасць + до шлях),

японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.

Дз. створана ў канцы 19 ст. праф. Д.Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).

На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.Карыцкая і Т.Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГІ́РАЎ Націк Надзір-аглы

(н. 7.9.1964, г. Баку),

бел. спартсмен (барацьба дзюдо і самба). Засл. майстар спорту Беларусі (1995). Скончыў азерб. ун-т нафты і хіміі (1986). З 1987 у Мінску. Чэмпіён свету (1991, 1992) і Еўропы (1989, 1992, 1994, 1995) па самба, прызёр Кубка Еўропы (1994, 2-е месца) і чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995, 3-е месца) па дзюдо.

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДРЫ́ЦКАЯ Людміла Аляксандраўна

(н. 11.12.1970, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. спартсменка (барацьба дзюдо, самба). Скончыла Аршанскае медвучылішча (1987). Чэмпіёнка свету па самба (1993).

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,

усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш. міжнар. Спаборніцтвах.

А.Я.Вількін.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Афрыкі. Праводзяцца з 1965 Вышэйшым саветам спорту Афрыкі (уваходзяць каля 50 краін кантынента, 1987) пад апекай Міжнар. алімпійскага к-та. У праграме спаборніцтвы па баскетболе, барацьбе, боксе, валейболе, веласпорце, гандболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, футболе і інш.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́,

від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп. джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́У-ДЖЫ́ЦУ

(ад яп. дзю мяккасць + дзюцу мастацтва, умельства),

японская сістэма самаабароны і нападзення без зброі. Асн. прыёмы: удары ў найб. слабыя часткі чалавечага цела (сонечнае спляценне, сонная артэрыя, печань і інш.), выкручванні і перагінанні суставаў рук і ног у спалучэнні з рознымі кідкамі і задушлівымі захватамі.

Вытокі Дж.-дж. ў нар. прыёмах самаабароны без зброі, вядомых у Японіі са старажытнасці. Сфарміравалася да 13—14 ст., у 14—19 ст. вельмі пашырылася ў Японіі як сістэма фіз. і баявой падрыхтоўкі самураяў. У канцы 19 ст. шляхам адбору і мадэрнізацыі элементаў Дж.-дж. створана барацьба дзюдо.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭМПО́

(яп., літар. вучэнне кулака, праведны закон кулака),

сістэма баявых і спартыўных адзінаборстваў, псіхафізічны культурны комплекс, рэлігійна-філасофскае вучэнне. Паходзіць з Індыі (больш за 5 тыс. гадоў назад), развіццё атрымала ў Кітаі (з 1 ст.) пад уплывам будызму і інш. рэлігій. Сучаснае К. развіваецца з канца 1940-х г. (Японія). Сусв. арганізацыя К. заснавана ў 1974.

У сучасным К. 5 асн. кірункаў: самаабарона; спарт. адзінаборствы (айкідо, дзюдо, джыу-джыцу, каратэ, кунг-фу, таэквандо і інш.); мастацтва сцэнічнага бою і трукаў; прафілактыка і лячэнне розных захворванняў (напр., кіт. сістэма тайцзі-цюань); разнавіднасць рэліг. практыкі (напр., яп. сёрындзі-кэмпо, кар. хварандо). Мае 4 раздзелы тэхн. норм: кіхон, ката, кумітэ і сівары. Баявое К. ўтрымлівае больш за 600 тэхн. прыёмаў, уключае 3 катэгорыі: гохо — жорсткая тэхніка ўдараў рукамі і нагамі, блакіроўкі; джухо — мяккая тэхніка выпадаў, кідкоў, заломаў; сейхо — тэхніка нарошчвання фіз. патэнцыялу, самаабарона з падручнымі сродкамі. Практыканты падзяляюцца на 2 катэгорыі: кю — «малодшыя» і дан — «старэйшыя», якія ўтрымліваюць 6, 9 або 10 ступеняў і паясы (па меры ўзрастання майстэрства); белы, карычневы, чорны і чырвоны.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)