назва дзесяціматэм. знакаў: 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, з дапамогай якіх па дзесятковай сістэме лічэння запісваюцца любыя лікі. Узніклі ў Індыі (не пазней як у 5 ст.), у Еўропе вядомыя з 10—13 ст. з араб. крыніц (адкуль і назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙЦЗІША́НЬ (кіт. «Пшанічная гара»),
будыйскі пячорны манастыр 5—17 ст. каля г. Цяньшуй (прав. Ганьсу, Кітай). Складаецца са 194 пячор (галоўныя — «Пячора Нірваны», «Галерэя тысячы Будаў» даўж. 30 м, «Зала дзесяці тысяч Будаў» і інш.) з расфарбаванай скульптурай з гліны і каменю (5—17 ст.; выявы Буды і інш. божастваў будыйскага пантэона) і з насценнымі размалёўкамі (5 ст.). Для ранняй скульптуры характэрны мяккасць, грацыёзнасць, адухоўленасць, для позняй — рысы натуральнай чалавечай прыгажосці. Цяпер музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАН ((Blanc) Жан Жазеф Луі) (29.10.1811, Мадрыд — 6.12.1882),
французскі сацыяліст-утапіст, гісторык, журналіст. У сваіх поглядах абапіраўся на ідэі Сен-Сімона і Ш.Фур’е. У кн. «Арганізацыя працы» (1839) выклаў план сац. пераўтварэння грамадства. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 увайшоў у часовы ўрад. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў Чэрвеньскім паўстанні 1848, да 1870 у эміграцыі. З 1871 чл.Нац. сходу. У час Парыжскай камуны (1871) на баку Версаля. Аўтар прац «Гісторыя дзесяці гадоў» (1841—44), «Гісторыя рэвалюцыі 1848» (1870).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРУ́ВІЙ (Vitruvius),
рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).
Вітрувій. Машыны для падняцця грузаў. Іл. да кнігі «Дзесяць кніг пра архітэктуру». Парыж. 1684.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСА́НДР (Lysandros; ?—395 да н.э.),
спартанскі палкаводзец і флатаводзец апошняга перыяду Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Перамог афінскі флот у бітвах каля мыса Нотый (407 да н.э.) і каля Эгаспатамаў (405 да н.э.). У захопленых гарадах пакідаў свае гарнізоны, з членаў мясц. алігархічных гетэрый ствараў урады — «камітэты дзесяці» (дэкархіі), праводзіў палітыку тэрору ў адносінах да дэмакр. колаў, афінскіх саюзнікаў і клерухій. У 405—404 да н.э. кіраваў аблогай Афін і прымусіў афінян здацца. Запатрабаваў ліквідацыі ў Афінах дэмакр. ладу, навязаў афінянам алігархічнае кіраванне (гл.«Трыццаць тыранаў»). Пасля 404 да н.э. за імкненне да адзінаўладства быў адлучаны ад камандавання войскам. Загінуў у бітве з беатыйцамі каля г. Аліяртас у час Карынфскай вайны 395—387 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Іван Кірылавіч) (падп.псеўд.Іван Гаўрылавіч, Стрэльскі, Неўскі; 12.6.1906, в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 3.2.1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст.с.-г. школу імя Леніна ў Мінску (1938). З 1940 сакратар Заслаўскага райкома КП(б)Б. У пач. вайны па заданні ЦККП(б)Б пакінуты ў тыле ворага для падп. работы. Удзельнічаў у стварэнні партыз. атрада каля Асінторфа. З канца жн. — пач.вер. 1941 прыступіў да стварэння ў Мінску гар.падп. арг-цыі, з ліст. 1941 сакратар Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, кіраваў падп. барацьбой у горадзе і разгортваннем партыз. руху ў прыгарадных раёнах. У пач.кастр. 1942 арыштаваны гітлераўцамі, падвяргаўся катаванням. Фашысцкія карныя і прапагандысцкія органы з правакацыйнымі мэтамі імкнуліся скампраметаваць падп. гарком і яго сакратара. Паводле звестак падпольшчыкаў, павешаны ў ліку дзесяці кіраўнікоў мінскага падполля на гар. стадыёне «Дынама». Быў ілжыва абвінавачаны ў здрадзе радзіме, у крас. 1990 рэабілітаваны ЦККПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕ́ЛІ ((Machiavelli) Нікало ды Бернарда) (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць ўсё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл.Макіявелізм).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ НАВУКО́ВАЯімя Якуба Коласа АН Беларусі.
Засн. 16.2.1925 у Мінску пры Інбелкульце. З рэарганізацыяй Інбелкульта ў АНБССР (1.1.1929) увайшла ў яе склад. У Вял.Айч. вайну разрабавана ням.-фаш. захопнікамі, найб. каштоўная л-ра вывезена ў Германію. Адноўлена ў 1944. Імя Я.Коласа прысвоена ў 1956. Да 1981 наз. Фундаментальная б-ка імя Я.Коласа АНБССР. З’яўляецца галаўной у цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме АН, што аб’ядноўвае 27 б-к пры ін-тах акадэміі. Кніжны фонд — больш за 3 млн.экз. (на 1.1.1996). Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў зберагаюцца пергаменты 16 ст. на бел. мове, кітабы (тэксты на бел. мове арабскай графікай). Сярод старадрукаў кірылаўскага шрыфту «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1569) і «Біблія» (Астрог, 1580—81) І.Фёдарава, кнігі з друкарні Мамонічаў у Вільні, «Евангелле» (1575), «Новы запавет з Псалтыром» (Еўе, 1611), «Дыёптра» (Магілёў, друкарня Вашчанкаў, 1699), 1-ы слав. слоўнік «Лексікон славянарускі» Памвы Бярынды (Куцейна, 1653), «Катэхізіс» Л.Зізанія (Гродна, 1788). У калекцыі замежных выданняў 15—18 ст. кнігі з лепшых еўрап. друкарняў, у т. л. інкунабулы: «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (Нюрнберг, 1493), «Жыццё і вучэнні людзей, якія праславіліся ў філасофіі, выкладзеныя ў дзесяці кнігах» Дыягена Лаэрцкага (Балоння, 1495) і інш. Сабраны бел.фалькл., этнагр. і краязнаўчыя зборнікі 19 ст.; выданні па гісторыі Беларусі рус. і польск. даследчыкаў, энцыклапедычная і даведачная л-ра, бел. кнігі і перыяд. выданні пач. 20 ст., калекцыя зах.-бел. друку. Асобнымі фондамі зберагаюцца б-ка А.Я.Багдановіча, П.Н.Беркава, П.Ф.Глебкі, П.К.Панамарэнкі, частка б-кі Радзівілаў; асабістыя архівы Я.Брыля, М.Гарэцкага, Ю.Гаўрука, Глебкі, Я.Драздовіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, У.Караткевіча, К.Крапівы, І.С.Краўчанкі, М.Лынькова, А.Пальчэўскага, С.П.Сахарава, М.М.Улашчыка, Я.Шутовіча і інш. Вядзе навук. і метадычную работу, выдае зборнікі прац па гісторыі кнігі, бібліяграфіі і бібліятэказнаўстве Беларусі, бібліягр. дапаможнікі, у т. л. па навуказнаўстве, гісторыі і інш.
Літ.:
Библиотечное дело и библиография в системе библиотек Академии наук БССР: [Сб. ст.]. Мн., 1976.
М.П.Стрыжонак.
Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),
горад, сталіца Кітая. Размешчаны на ПнВял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач.Вял. канала. 3 прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс.км²). Насельніцтва 11,3 млн ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э.наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл.Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт.Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.
У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч.цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш.арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).
Літ.:
Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Пекін. Плошча Цяньаньмынь.Пекін. Від на «забаронены горад».