ЛІСА́НДР (Lysandros; ?—395 да н.э.),

спартанскі палкаводзец і флатаводзец апошняга перыяду Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Перамог афінскі флот у бітвах каля мыса Нотый (407 да н.э.) і каля Эгаспатамаў (405 да н.э.). У захопленых гарадах пакідаў свае гарнізоны, з членаў мясц. алігархічных гетэрый ствараў урады — «камітэты дзесяці» (дэкархіі), праводзіў палітыку тэрору ў адносінах да дэмакр. колаў, афінскіх саюзнікаў і клерухій. У 405—404 да н.э. кіраваў аблогай Афін і прымусіў афінян здацца. Запатрабаваў ліквідацыі ў Афінах дэмакр. ладу, навязаў афінянам алігархічнае кіраванне (гл. «Трыццаць тыранаў»). Пасля 404 да н.э. за імкненне да адзінаўладства быў адлучаны ад камандавання войскам. Загінуў у бітве з беатыйцамі каля г. Аліяртас у час Карынфскай вайны 395—387 да н.э.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)