Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́НГА, дзеньга (ад тат. ценга — сярэбраная манета),
руская сярэбраная (14—17 ст.) і медная (18—19 ст.) манета. Да сярэдзіны 1530-х г. маса 0,78—0,79 г (наўгародска-пскоўская стапа), 0,31—0,40 г (маскоўская стапа). Пасля грашовай рэформы 1533—35 маса Дз.-наўгародкі 0,68 г (1/100 лікавага рубля, такая Дз. стала першай рус. капейкай), маса Дз.-маскоўкі 0,34 г (1/2 капейкі). Да канца 17 ст. маса Дз. паменшылася да 0,14 г. Спарадычна чаканіліся залатая і медная Дз. Пасля грашовай рэформы Пятра I у 1700—1828 чаканілася медная Дз., роўная 1/2 капейкі. Пасля манета выпускалася з пазначэннем наміналу «дзенежка» (1849—63) і «1/2 капейкі» (1839—1916).
Дзенга. Наўгародскага княства, 15 ст. (1), Пятра I, 1700 (2), Аляксандра П, 1863 (3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЦІ́НА, палціннік,
манета вартасцю ў 1/2 рубля. 1) У Стараж. Русі палавінны абрубак грыўні — рубля. На Беларусі абарачаліся П. наўгародскага (12—15 ст.) і зах.-рус. (13—15 ст.) тыпаў.
2) Грашова-лікавая адзінка Расіі, якая вызначала суму ў 100 дзенег (гл.Дзенга, 15—1-я трэць 16 ст.), пазней у 50 капеек. На Беларусі ў 1413 — пач. 16 ст. П. адпавядала 50 грошам пражскім, у 16—18 ст. — 50 грошам літоўскім або 62,5 грошам польскім.
3) Медная манета царскай Расіі, выпушчаная Новым (Англійскім) манетным дваром у 1654.
4) Сярэбраная манета Рас. імперыі ў 18—19 ст. Намінал — «полтина», у 1707, 1725—27 — «полтинникъ».
5) Залатая манета Рас. імперыі 1756, 1777—78, 1798—1859.
6) Сярэбраная манета СССР. Намінал — «один полтинник».
7) Сучасная прастамоўная назва манеты вартасцю ў 50 капеек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́ЙКА (ад скарочанай назвы манеты 16 ст.дзенга капейная, на якой была выява вершніка з кап’ём),
манета ў Вял.кн. Маскоўскім, Царстве Маскоўскім, Рас. імперыі, СССР і дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рас. імперыі, СССР, Рэспубліцы Беларусь.
У Маск. дзяржаве і Рас. імперыі 2-й трэці 16 — пач. 18 ст. манета зборнага наміналу ў 2 дзенгі (драцяная і на высечаных з бляхі кружках). У 17 ст. паступова выцесніла як манету дзенгу і стала асн. наміналам у складзе грашовай масы Маск. дзяржавы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 медныя драцяныя К. пранікалі і на Беларусь. К. сустракаецца ў бел. скарбах 2-й пал. 17 ст. — пач. 18 ст. 2) У Рас. імперыі з 1720-х г. і ў СССР пасля грашовай рэформы 1924 — манета, намінал якой адпавядаў дапаможнай грашова-лікавай адзінцы ў 1/100 рубля. Па крыніцах, вядомых у пач. 18 ст. на Беларусі, пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі афіцыйна ўвайшла ў грашовае абарачэнне бел. губерняў.
3) Адзін з «наміналаў» залатых або залачоных сярэбраных драцяных «манет» для жалавання (узнагарод) войску ў Маск. дзяржаве 2-й пал. 15—17 ст., якія выконвалі функцыю ўзнагародных медалёў.
4) Адзін з наміналаў металічных вайсковых бонаў (марак) рас. арміі канца 19 — пач. 20 ст. 5) У Рас. імперыі ніжэйшы намінал недатаваных папяровых казначэйскіх марак-грошаў 1915, у 1917 — Часовага ўрада Расіі.
6) Ніжэйшы намінал бонаў з жалеза германскіх акупац. войск 1916.
7) Ніжэйшы намінал некаторых мясц. эмісій бонаў 1914—15 у Польшчы, Латвіі, Літве і часоў грамадз. вайны ў Расіі. 8) У СССР ніжэйшы намінал казначэйскіх бонаў 1924, якія часова ўжываліся з-за дэфіцыту разменнай манеты. 9) Дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рэспубліцы Беларусь з моманту дэнамінацыі 20.8.1994 да зняцця з абарачэння 1.3.1995 разліковага білета ў 50 К. узору 1992. 10) Манета і грашова-лікавая адзінка Расійскай Федэрацыі з 1998.