Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРТУ́РА (ад лац. apertura адтуліна),
дзейная адтуліна аптычнай сістэмы, якая вызначаецца памерамі лінзаў або дыяфрагмамі. Раздзяляльная здольнасць аптычнай прылады прапарцыянальная апертуры. Вуглавая апертура — вугал α паміж крайнімі прамянямі канічнага светлавога пучка, які ўваходзіць у аптычную сістэму. Лікавая апертура вызначаецца як п n sin(α/2), дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НТ [ад лац. agens (agentis) які дзейнічае],
1) асоба, якая дзейнічае па даручэнні каго-н.; прадстаўнік установы, арг-цыі, упаўнаважаны.
2) Агент дыпламатычны — афіц. асоба, якая ажыццяўляе знешнепаліт. прадстаўніцтва. У прыватнасці, агентамі з’яўляюцца дыпламат. прадстаўнікі і персанал пасольстваў, місій. Агент консульскі — у практыцы некаторых дзяржаў службовая асоба консульскай установы.
3) Агент разведкі — асоба, якая нелегальна выконвае заданні разведвальных органаў якой-н. краіны.
4) У навук. тэрміналогіі — дзейная прычына, якая выклікае пэўныя з’явы (у прыродзе, арганізме чалавека і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Вышняя рада. Асн. мэты: нац. адраджэнне, дасягненне поўнай незалежнасці Беларусі, стварэнне прававой дэмакр. дзяржавы. Гал. прынцыпы дзейнасці: нацыяналізм як лепшая духоўная якасць чалавека, нац. ідэя як гал.дзейная сіла грамадства, духоўнае адраджэнне на аснове хрысц. этыкі і маралі. Выступае за стварэнне рыначнай эканомікі, развіццё навук. і вытв. патэнцыялу, макс. выкарыстанне ўнутр. прыродных рэсурсаў, выгаднага геапаліт. становішча Беларусі. Арг-цыі БНП дзейнічаюць ва ўсіх абласцях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ЗАН,
1) прыбліжаны манарха ці феадала, які павінен быў весяліць гаспадара і гасцей. Паявіліся ў Зах. Еўропе ў 15 ст. У Рэчы Паспалітай вядомы з канца 15 ст., у Расіі — з пач. 18 ст. 2) Дзейная асоба, камічны персанаж стараж. спектакляў школьнага і нар. (гульні-паказы, батлейка) т-раў, нар. драмы. Выканаўца ролі блазна меў звычайна яркі, стракаты касцюм, у руках трымаў ляльку з бразготкамі.
3) Персанаж у творах У.Шэкспіра, П.Кальдэрона і інш., у бел. драматургіі — К.Марашэўскага, Е.Міровіча і інш.
У.Уладамірскі ў ролі Блазна ў спектаклі «Каваль-ваявода» Е.Міровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТЫЦЫ́ДЫ (ад лац. pestis зараза + caedere забіваць),
хімічныя сродкі аховы раслін і жывёл ад шкоднікаў і непажаданых мікраарганізмаў. Больш за 80% П. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Асн. групы П. для аховы с.-г. культур: інсектыцыды — хім. сродкі знішчэння шкодных насякомых, фунгіцыды — сродкі барацьбы з грыбковымі захворваннямі, гербіцыды — сродкі барацьбы з пустазеллем, інсектарэпеленты — для адпужвання і інсектаатрактанты (напр., ферамоны) — для прываблівання насякомых, хемастэрылізатары — пазбаўляюць шкоднікаў здольнасці да размнажэння, заацыды — сродкі знішчэння шкодных грызуноў, птушак, рыб, а таксама рэгулятары росту раслін, дэфаліянты (выклікаюць ранняе ападанне лісця), дэсіканты (падсушваюць расліны на корані), антыдоты для раслін (надаюць устойлівасць да гербіцыдаў).
Дзейная аснова П. — прыродныя або сінт. рэчывы. Звычайна для практычнага выкарыстання на іх аснове рыхтуюць парашкі, эмульсіі, растворы. гранулы, аэразольныя прэпараты. Вядома больш за 10 тыс. найменняў пестыцыдных прэпаратаў. Вытв-сць і выкарыстанне кожнага П. дапускаецца з дазволу дзярж. органаў, адначасова вызначаюцца правілы і тэрміны іх выкарыстання, лімітадапушчальныя нормы астачы П. у прадуктах харчавання і ГДК. у паветры і вадзе.
Літ.:
Мельников Н.Н. Пестициды: Химия, технология и применение. М., 1987.