РАМА́НАЎ (Панцеляймон Сяргеевіч) (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.С.Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.
Літ.:
Вислова АВ. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Сяргей Сяргеевіч) (23.4.1891, с. Краснае Краснаармейскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 5.3.1953),
расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Нар.арт. Расіі (1947). Чл.нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1934), Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па кл. кампазіцыі (1909, вучыўся ў А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання (у М.Чарапніна) і фп. (у Г.Есіпавай; абодва 1914). Пачаў выступаць у 1908 як піяніст. З 1918 жыў і працаваў за мяжой. З 1936 у Расіі. Творчасць П., трывала звязаная з традыцыямі мінулага, пашырыла межы муз. мастацтва ў галіне мовы, зместу, сродкаў выразнасці, уяўляла сабой наватарскую з’яву сучаснасці. Стварыў значныя творы ва ўсіх муз. жанрах.: вак., сімф., камерна-інстр., пісаў музыку да кінафільмаў і тэатр. пастановак. Яго музыка, гарманічная і жыццесцвярджальная, аб’ядноўвае ў сабе эпас і лірыку, драматызм і гумар, іронію і гратэск, характарыстычнасць і псіхалагізм. Вядучая роля ў ёй належыць оперы і балету, якія вылучаюцца нетрадыцыйнымі сюжэтамі, новымі прынцыпамі і прыёмамі муз. драматургіі і належаць да рэфарматарскіх заваёў (супрацоўнічаў з С.Дзягілевым, У.Меерхольдам, А.Таіравым, С.Эйзенштэйнам). Аўтар 8 опер, у т. л. «Заручыны ў манастыры» (1940), «Вайна і мір» (1943); 7 балетаў, у т. л. «Рамэо і Джульета» (1936), «Золушка» (1944), пастаўленых у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1962, 1985, 1968, 1965; 7 сімфоній (у т. л. «Класічная», 1916—17, 7-я, 1951—52); араторыі «На варце міру» (1950); кантат «Здравіца» (1939, з выкарыстаннем фалькл. тэкстаў народаў СССР, у т. л.бел.), «Аляксандр Неўскі» (1938); сімф. казкі «Пеця і воўк» (1936) і інш. Адзін з першых кампазітараў сусветнага кіно. Сярод кінафільмаў, да якіх напісаў музыку: «Аляксандр Неўскі», «Іван Грозны», бел. «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946 (тройчы), 1947, 1951. Ленінская прэмія 1957.
Літ. тв.: Автобиография. М., 1973; Детство. 5 изд. М., 1983.
Літ.:
Нестьев И.В. Жизнь Сергея Прокофьева. 2 изд. М., 1973;
Мартынов И.И. Сергей Прокофьев: Жизнь и творчество. М., 1974;
Савкина Н.П. С.С.Прокофьев. М., 1982;
Данько Л. С.С.Прокофьев, 1891—1953. 2 изд. Л., 1983;
Сергей Прокофьев, 1891—1991: Дневник, письма, беседы, воспоминания. М., 1991.