Дейч А. Н. 8/461

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дейч А. И. 3/415, 463, 6/17; 7/354; 10/219

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.​Канта, Ж.​Ж.​Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1962;

Драмы. Новеллы. М., 1969;

Избранное. М., 1977.

Літ.:

Дейч А.И. Судьбы поэтов: Гельдерлин, Клейст, Гейне. [2 изд.] М., 1974;

Генрих фон Клейст: Биобиблиогр. указ. М., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁЛЬДЭРЛІН ((Hölderlin) Іаган Крысціян Фрыдрых) (20.3.1770, г. Лаўфен-ам-Некар, Германія — 7.6.1843),

нямецкі паэт. Папярэднік рамантызму. Вучыўся ва ун-це Цюбінгена (1788—93), вывучаў тэалогію, філасофію, ант. мастацтва, сябраваў з Г.Гегелем і Ф.Шэлінгам. Працаваў хатнім настаўнікам. Усведамленне сваёй несумяшчальнасці з рэчаіснасцю, беднасць, трагічнае каханне паўплывалі на яго душэўны стан (з 1802 псіхічна хворы). У ранніх «Цюбінгенскіх гімнах» («Гімны да ідэалаў Чалавецтва», 1790—97) апяваў свабоду, гармонію, хараство, сяброўства, даў канцэпцыю бясконцага руху чалавецтва да дасканаласці. Пераход да сталай паэзіі (2-я пал. 1790-х г.) адзначаны зваротам да ант. верша. Стараж. Эладу Гёльдэрлін успрымаў як эталон гарманічнага існавання (філас. оды і элегіі «Майн», «Некар», «Гайдэльберг», «Мая ўласнасць», паэма «Архіпелаг» і інш.). Філас.-лірычны раман «Гіперыён, ці Пустэльнік у Грэцыі» (т. 1—2, 1797—99) прасякнуты любоўю да мінулага Грэцыі і трывожным роздумам пра шляхі цывілізацыі. У цэнтры філас. трагедыі «Смерць Эмпедокла» (1798—99) праблемы пошукаў найлепшага грамадскага ладу і духоўныя супярэчнасці генія. Пераклады трагедый Сафокла, эпінікіяў Піндара стымулявалі яго пераход да т.зв. «жорсткага стылю», які стаў адметнай рысай позніх філас. гімнаў Гёдэрліна, аб’яднаных умоўнай назвай «Айчынныя песняпевы». Яны ствараюць шырокую панараму гіст. руху еўрап. цывілізацыі («Вяртанне на радзіму», «Ля вытокаў Дуная», «Рэйн», «Тытаны», «Свята міру» і інш.). Паэзія Гёдэрліна паўплывала на творчасць многіх еўрап. паэтаў. На бел. мову вершы Гёдэрліна перакладаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Рус. пер. — Сочинения. М., 1969;

Гиперион. Стихи. Письма. М., 1988.

Літ.:

Дейч А.И. Судьбы поэтов: Гёльдерлин. Клейст. Гейне. [2 изд. ]. М., 1974;

Берковский Н.Я. Гельдерлин // Берковский Н.Я. Романтизм в Германии Л., 1973;

Синило Г.В. Гельдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),

нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.​Багдановіч, М.​Васілеўская, А.​Вяржбоўскі, Ю.​Гаўрук, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, С.​Ліхадзіеўскі, А.​Мардвілка, Я.​Семяжон, І.​Сіманоўскі, Ю Таўбін.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1959;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—83.

Літ.:

Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;

Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;

Гиждеу С.П. Лирика Г.​Гейне. М., 1983;

Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Г.Гейнэ.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)