Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЦО́ВЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
феадальна залежныя сяляне ў Расіі ў 12—18 ст. Належалі вял. князю, цару і асобам царскай фаміліі. Землі, населеныя Д.с., наз. дварцовымі. Асн. форма павіннасцей — аброк і паншчына. Паводле пісцовых кніг 16 ст., дварцовыя землі існавалі ў 32 паветах еўрап. ч. Расіі. З ростам тэр. Расіі колькасць Д.с. павялічвалася (у 1700 каля 100 тыс. двароў), у 18 ст. — за кошт далучаных прыбалт., укр. і бел. зямель. У 1753 б. частка Д.с. вызвалена ад паншчыны і натуральных павіннасцей і пераведзена на грашовы аброк, іх эканам. становішча ў параўнанні з прыватнаўласніцкімі сялянамі палепшылася (мелі большую свабоду ў гасп. дзейнасці і інш.). З 1979 наз. ўдзельнымі сялянамі.
т. 6, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш. паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.
т. 12, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКА́ЗЫ,
1) цэнтральныя органы дзярж. кіравання ў Расіі 16 — пач. 18 ст. Назва ад даручэнняў, загадаў (рус. «приказов»), якія ў 15 ст. маскоўскі вял. князь даваў сваім баярам і дзякам. Паступова гэтыя даручэнні набылі рэгулярны характар і для іх выканання з’явіліся спец. памяшканні «ізбы», якія пры фарміраванні ў 16 ст. Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ператварыліся ў пастаянныя дзярж. ўстановы — П. У 17 ст. існавала каля 80 П., гал. з іх — Пасольскі, Памесны, Разрадны і Тайных спраў. Астатнія паводле функцый падзяляліся на адм.-суд.-паліцэйскія (Земскі, Разбойны, Халопскі і інш.), тэрытарыяльныя (Казанскі, Сібірскі, Вял. Расіі, Маларасійскі і інш.), ваенныя (Стралецкі, Пушкарскі, Казачы і інш.), фінансавыя (Вял. казны, Вял. прыходу, Хлебны і інш.), дварцовыя (Вял. палаца, Пасцельны, Сакольнічы і інш.). У 1656—67 дзейнічаў П. Вял. княства Літоўскага, які кіраваў бел. і літ. землямі, часова заваяванымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кожны П. узначальваў суддзя з ліку членаў Баярскай думы. Суддзям падпарадкоўваліся дзякі, дзякам — падзячыя. Суддзя вырашаў справы аднаасобна, найб. складаныя з іх разглядаў з дзякамі. Структура П. вызначалася іх кампетэнцыяй. Вял. П. (Памесны, Разрадны і інш.) падзяляліся на сталы́ па тэр. і функцыян. прынцыпах, а сталы́ — на павыцці. Невял. па колькасці служачых П. (Пасольскі) падзяляліся адразу на павыцці. У 17 ст. сярэднімі лічыліся П. са штатам у 20—40 чал., у буйных працавала да 400 чал. Для П. характэрна спалучэнне суд., адм. і фін. функцый, частае дубліраванне функцый адзін аднаго, вял. цяганіна і хабарніцтва. У 1717—21 П. заменены Калегіямі (некат. існавалі пазней, напр., Сібірскі да 1763).
2) Цэнтр. органы кіравання пры патрыярху рус. правасл. царквы ў 17 ст.: дварцовы, казённы, разрадны.
3) Назва стралецкіх палкоў у Расіі 16 — пач. 18 ст.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.
С.Л.Лугаўцова.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)