ДЫНАМА... (ад грэч. dynamis сіла), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на дачыненне да сілы, энергіі, напр., дынамаметамарфізм, дынамометр.
т. 6, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭА... (ад лац. video бачу, гляджу),
першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),
хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (ад дыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),
агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТА́НІЯ, Арсанія, Арта,
адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр. антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).
т. 1, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫНО́ВІЧ (Хведар Хведаравіч) (н. 14.9.1950, в. Крывічы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1981). Працаваў на будоўлі, на Мінскім электратэхн. з-дзе, у рудаўпраўленні і на рамонтна-мех. заводзе ў Салігорску. З 1986 у газ. «Калійшчык Салігорска». Друкуецца з 1969. Роздум над разнастайнымі праблемамі сучаснасці і гісторыі, лёсам роднага слова, прыроды роднага краю ў зб-ках «Хлеб і соль» (1980), «Шматгалосная кветка» (1983), «Дачыненне» (1991), «Вішня цвіце» (1992), «Пасадзім па дрэўцу» (1993), «Што я ўнуку скажу» (1996).
т. 5, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НЕ»,
тайнае таварыства ў 1821 — пач. 1826 у Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях. Заснаваў Ф.Ляховіч спачатку ў Беластоку (наз. «Згодныя браты», 1821), потым у Свіслачы. Выступалі за незалежнасць Рэчы Паспалітай, падрыхтоўку грамадскай думкі да пераўтварэнняў у існуючым ладзе. У пач. 1826 у таварыстве 53 чал. Пяць былых сяброў т-ва склалі 3-ю ступень т-ва «Ваенныя сябры». Некаторыя мелі дачыненне да Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У сувязі са следствам па гэтай справе «З.» былі выкрыты, створана спец. «Камісія для пошуку тайных таварыстваў» (ліп.—вер. 1826). Удзельнікі «З.» былі прыгавораны да розных тэрмінаў пакарання.
В.В.Швед.
т. 6, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАР (англ. humour),
від камічнага, які спалучае насмешку і спачуванне, знешне камічную трактоўку і ўнутр. дачыненне да таго, што ўяўляецца смешным. Лічыцца, што гумар — суб’ектыўная копія аб’ектыўнага камізму. Збліжаецца з інш. відамі камічнага — іроніяй і сатырай. Адлюстроўвае смешнае ў жыцці і чалавечых характарах; прадугледжвае ўменне бачыць узвышанае ў абмежаваным і малым, значнае ў смешным і недасканалым. Тэорыя гумару распрацавана ў эстэтыцы рамантызму ням. пісьменнікам Жанам Полем. Гумар бывае чуллівы, дабрадушны, сяброўскі, грубы, насмешлівы, зларадны, цынічны, мае нац. асаблівасці. Гумар — асн. элемент многіх твораў бел. л-ры і фальклору, неад’емны кампанент многіх літ. жанраў (камедыя, вадэвіль, байка, пародыя, фельетон і інш.).
т. 5, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ МУЗЕ́Й ВАНЬКО́ВІЧАЎ, «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай палавіны 19 ст.»,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у Мінску ў сядзібным доме Ваньковічаў (гл. арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). Экспазіцыя размешчана ў 10 залах. Пл. экспазіцыі каля 300 м². Музей мае 3 раздзелы: жыццё і творчасць В.Ваньковіча і культ. жыццё тагачаснага Мінска; асаблівасці інтэр’ера перыяду высокага класіцызму; бел. сядзібны партрэт 17—1-й пал. 19 ст. Сярод экспанатаў творы жывапісу, дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, свяцільні, ксеракопіі архіўных дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Ваньковіча, фотарэпрадукцыі яго твораў, што захоўваюцца ў музеях Варшавы, Вільнюса, С.-Пецярбурга, Парыжа. Асобная зала адведзена пад муз. гасцёўню. Каля дома пастаўлены помнік Ваньковічу (2000, скульптар У.Слабодчыкаў).
Н.В.Сычова.
т. 10, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)