ПАРЫТЭ́НЫЯ ЦЭ́НЫ,
цэны на с.-г. прадукцыю, якія дазваляюць вытворцу за нязменны аб’ём прадукцыі атрымліваць грашовы даход, дастатковы для пакупкі стабільнага набору несельскагаспадарчых спажывецкіх даброт і паслуг.
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РСАНС (Parsons) Талкат (13.12.1902, г. Каларада-Спрынгс, ЗША — 8.5.1979). амерыканскі сацыёлаг, стваральнік тэорыі дзеяння сацыяльнага. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (?). З 1927 у Гарвардскім ун-це, у 1946—56 узначальваў аддзяленне сац. адносін. З 1949 прэзідэнт сацыялаг. асацыяцыі. Распрацаваў тэорыю сістэм дзеяння, якая абапіралася на прынцып змены, інтэграцыі і стабільнасці. У яе аснове — вывучэнне сац. рэальнасці, арганізаванай рацыянальна і сістэмна. Паводле П., грамадства — вял. сацыяльная супольнасць, якая для выжывання і развіцця павінна прытрымлівацца адзінай культ. арыентацыі і прадстаўляць сваім членам дастатковы набор ролевых магчымасцей для рэалізацыі фундаментальных патрэб асобы і самога грамадства. Аўтар прац «Структура сацыяльнага дзеяння» (1937),
«Сацыяльная сістэма» (1951), «Сацыяльная сістэма і эвалюцыя тэорыі дзеяння» (1977), «Тэорыя дзеяння і ўмовы чалавечага існавання» (1978) і інш.
І.В.Катляроў.
т. 12, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ПАЧУЦЦЯ́ І ВЕ́РЫ (ням. Glaubens-philosophie),
ірацыяналістычны кірунак у нямецкай філасофіі 2-й пал. 18 ст. Склалася як рэліг.-філас. абгрунтаванне духоўнай атмасферы Германіі 1770-х г. з яе псіхалагізмам, культам пачуцця, суб’ектывізмам; супрацьстаяла асветніцкаму рацыяналізму. Рацыянальнаму апасродкаванаму пазнанню проціпастаўляла ідэю «непасрэдных ведаў». Яе прадстаўнікі (Ф.Г.Якобі, І.Г.Гаман і інш.) зыходзілі з таго, што рэальнае існаванне рэчаў даецца чалавеку непасрэдна ў яго пачуццях і веры пераважна інтуітыўна; сцвярджалі, што шляхам рацыянальнага мыслення немагчыма ўсвядоміць сутнасць чалавечай асобы, а пазнаецца яна толькі шляхам «веры», «адкрыцця», «пачуццяў». Зместам веры яны лічылі і рэальнасць пачуццёвага зместу зямных рэчаў, і рэальнасць абсалютнага і вечнага. Гэтыя ідэі паўплывалі на развіццё інтуітывізму 19—20 ст., які ў інтуіцыі бачыў дастатковы сродак для атрымання сапраўдных ведаў, экзістэнцыялізму і філасофіі жыцця. Але большасць прыхільнікаў непасрэднага інтуітыўнага пазнання (М.А.Лоскі, С.Л.Франк, Я.М.Трубяцкой) імкнулася да спалучэння інтуіцыі і інтэлектуальнага пазнання. Гл. таксама Ірацыяналізм.
В.Дз.Марозаў.
т. 16, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)