АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.Мальпігі і А.Валіснеры, швейцарскія Ш.Банэ і А.Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),

сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУ́НЬ ЗВЫЧА́ЙНЫ (Perca fluviatilis),

азёрна-рачная рыба атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных і саленаватых вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца амаль ва ўсіх вадаёмах. Малыя акуні звычайныя жывуць у затоках, буйныя — на глыбіні.

Даўж. да 55 см, маса да 3 кг. Цела адносна высокае, у буйных — гарбатае, галава вялікая. Трымаецца чародамі. Нерастуе ранняй вясной пры т-ры вады 5—8 °C. Плоднасць да 300 тыс. ікрынак. Моладзь корміцца планктонам, бентасам і маляўкамі рыб. Дарослы акунь звычайны — драпежнік. Аб’ект прамысл. і аматарскага рыбалоўства.

Акунь звычайны.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́РАХ (Aspius aspius),

рыба сям. карпавых. Пашыраны ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага і Аральскага мораў. Жыве на раўнінных ч. рэк, радзей у праточных азёрах. Трымаецца адзін, у невял. чародкі збіраецца ў час нерасту і ўвосень. На Беларусі трапляецца ва ўсх. вял. і сярэдніх рэках, некат. праточных азёрах. Нар. назвы: шэрах, бялізна, бялюга, беляспер, дзяляпер, шэраспер, жэраспер, жэрасель, жэрасць, белясць.

Даўж. цела да 80 см, маса да 12 кг. Цела светлае, серабрыстае, прадаўгаватае, пляскатае. Спінны і хваставы плаўнікі шэрыя з цёмнымі канцамі, астатнія чырванаватыя. Палаваспелы ў 4—5 гадоў. Маляўкі кормяцца ракападобнымі, доннымі беспазваночнымі; дарослы — драпежнік: корміцца рыбай і інш. дробнымі жывёламі. Аб’ект рыбалоўства.

Жэрах.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,

максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).

Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.

Да арт. Мініруючыя мушкі Мінёр шмат’едны (1 — дарослы, 2 — лічынка і кокан, 3 — пашкоджаны ліст); 4 — мінёр рысавы.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДА́ННЕ,

стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.

Л.В.Кірыленка.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)