БЛА́НТЭР (Мацвей Ісакавіч) (10.2.1903, г. Почап Бранскай вобл. — 24.9.1990),

савецкі кампазітар. Нар. арт. СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Займаўся кампазіцыяй у Г.​Канюса. Адзін з заснавальнікаў сав. песні. Найб. папулярнасць набылі песні «Кацюша», «Партызан Жалязняк», «Песня аб Шчорсе», «У лесе прыфрантавым», «Пад зоркамі балканскімі», «Перад далёкай дарогай». Аўтар аперэт, у т. л. «На беразе Амура» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Зак В. Матвей Блантер. М., 1971.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́КЕР (ням. Düker ад лац. duco вяду),

напорны ўчастак вадавода, які пракладваюць пад рэчышчам ракі або канала, па дне глыбокай даліны або яра, пад дарогай і інш. перашкодамі для пропуску праз іх воднага патоку. Бываюць калодзежнага (шахтавага) тыпу і крывалінейныя, заглыбленыя і ўкладзеныя па паверхні, жалезабетонныя, бетонныя, стальныя і камбінаваныя. Часам маюць смеццезатрымальныя рашоткі, адстойнікі для акумуляцыі наносаў, затворы для аховы ад высокага ўзроўню вады пры рамонце і інш. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, меліярацыі. гідратэхн. буд-ве і інш.

Жалезабетонны дзюкер пад каналам.

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́РА (Марыя Аркадзеўна) (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),

украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-т нар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка, М.​Машары, А.​Стаховіча, Н.​Тарас, Э.​Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Е.​Лось, М.​Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.

В.​Я.​Буран.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Мікалай) (Міклай) Іванавіч (н. 15.1.1918, с. Куцюк-Кінер Маркінскага р-на, Рэспубліка Марый Эл),

марыйскі паэт. Нар. паэт Рэспублікі Марый Эл (1960). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1955). Друкуецца з 1934. Дэбютаваў кн. «Вершы» (1938). За зборнік вершаў «Паэзія — любімая сяброўка» (1950, на рус. мове) Дзярж. прэмія СССР 1951. Творы паэт. кніг «У краіне маёй Марыйскай» (1968), «Дарогай жыцця» (1975), «Лясныя напевы» (1976), «Дрэва, якое спявае» (1978) і інш. спалучаюць паглыблены лірызм і вострую публіцыстычнасць. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў І.​Калеснік.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Йошкар-Ола, 1960.

Літ.:

Кадыков Н.С. Поэзия Миклая Казакова. Йошкар-Ола, 1960.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫКА́ЛАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва канца 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на хутары Крыкалы ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. на левым беразе р. Заражанка. Створаны пры сядзібе, ад якой уцалелі 2 аднолькавыя драўляныя флігелі з мураванымі тарцовымі фасадамі ў стылі позняга класіцызму, клець і бутавы арачны мост. Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 15 га) на перасечаным рэльефе, з ПдЗ абмежаваны дарогай Дунілавічы—Варапаева. На ўсх. ускраіне парку ландшафтная кампазіцыя з круглым вадаёмам. Маляўнічая гал. алея праходзіць паміж узгоркамі і завяршаецца штучнай круглай тэрасай, абсаджанай клёнамі. У парку пераважаюць мясц. пароды дрэў, ёсць экзоты.

А.​М.​Кулагін.

Крыкалаўскі парк. Схема планіроўкі.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (21.3.1889, Кіеў — 21.5.1957),

рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.​Ахматавай, А.​Блока, С.​Ясеніна, В.​Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;

Размышления. Свердловск, 1989.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ (Леанід Пятровіч) (н. 27.3.1946, г. Брэст),

бел. мастак. Сын П.А.Данелія. Вучыўся ў Мінскім маст.-пед. вучылішчы (1963—65), скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне маст. праектавання, у розных жанрах выяўл. мастацтва. Аўтар праектаў, кіраўнік і выканаўца маст. афармлення інтэр’ераў дома адпачынку «Белая Русь» на воз. Нарач (1987—90), дзіцячага сада ф-кі «Элема» ў Мінску (1993, дэкар. пано, вітраж), гасцінічнага комплексу саўгаса «Заказельскі» Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. (1995; дэкар.-манум. жывапіс, з Дз.​Глівай; вітраж, люстры), кампазіцыі «Стары горад» (1996) і інш. Ускладненая кампазіцыя і насычанасць колеравай гамы надае яго пейзажам рамант.-філас. гучанне: «Бабіна лета на Прыпяці» (1980), «Ліпеньскія навальніцы» (1984), «Возера Нарач. Ружовы вечар», «Цішыня. Дзіва над Лотвай» (абедзве 1990-я г.). Сярод тэматычных карцін «Чаканне» (1983), «Пачатак. Дарогай волі» (1989), «Вераніка» (1990) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Данелія. Вераніка. 1990.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.​Крылова, Л.​Украінкі, С.​Алейніка, Т.​Масэнкі і інш.

Тв.:

Шклянка чаю: Выбранае. Мн., 1970;

Выбранае. Мн., 1976;

Дзядзькава крыўда: Апавяданні, гумарэскі, турысцкія замалёўкі. Мн., 1982;

Не на сваім месцы: Байкі. Мн., 1990.

Літ.:

Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973. С. 121—150.

У.І.Корбан.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.

Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.​Колас, К.​Чорны, К.​Крапіва, І.​Мележ, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.

Тв.:

Няходжанай дарогай. Мн., 1973;

Голас часу. Мн., 1975;

Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.

В.​А.​Каваленка.

Я.Казека.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)