Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РМІНГ
(Warming) Іаганес Эўгеніус (3.11.1841, в-аў Манё, Данія — 2.4.1924),
дацкі батанік-эколаг і сістэматык; адзін з заснавальнікаў экалагічнай геаграфіі раслін і вучэння пра жыццёвыя формы. Праф. Капенгагенскага ун-та (1885—1911) і дырэктар Бат. саду ў Капенгагене. Навук. працы па вывучэнні разнастайных марфал. прыстасаванняў раслін да ўмоў існавання. Аўтар кн. «Сістэматыка раслін» (1879, рус. пер. 1893), «Расліна і яе жыццё» (1900, рус. пер. 1904).
т. 4, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕР
(Bajer) Фрэдрык (21.4.1837, Вестэр-Эгед, Данія — 22.1.1922),
дацкі паліт. дзеяч, публіцыст. У 1870 заснаваў Асацыяцыю скандынаўскіх свабодных дзяржаў, якая ставіла за мэту аб’яднанне паўн. народаў у федэрацыю. У 1872—95 член дацкага парламента. У 1882 заснаваў Асацыяцыю нейтралітэту Даніі. У 1893 выбраны ў Савет Міжпарламенцкага саюза, дзе прадстаўляў Нарвегію, Данію і Швецыю. У 1891—1907 старшыня праўлення Міжнар. бюро міру. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з К.Арнальдсанам).
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД , заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. Бюджэтаў.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦШПРУНГ
(Hertzsprung) Эйнар (8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),
дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
т. 5, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
т. 3, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГ
(Bering) Вітус Іонасен (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬДЭ
(Vilde) Эдуард (4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),
«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Г’ЕЛЕРУ́П
(Gjellerup) Карл Адольф (2.6.1857, Рохальтэ, Данія — 13.10.1919),
дацкі пісьменнік. Пісаў на дацкай і ням. мовах. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1878). У першых раманах «Ідэаліст» (1878) і «Вучань германцаў» (1882) створаны вобраз маладога інтэлектуала, які перажываў, як і аўтар, крызіс веры. Аўтар драмы ў вершах «Брунхільда» (1884), драм. паэмы «Тамір» (1887), трагедыі ў прозе і вершах «Хабард і Сігне» (1888), напісанай па матывах дацкага нар. падання, а таксама сучасных драм «Герман Вандэль» (1891), «Вутэрн» (1893) і інш. З 1892 пасяліўся ў Дрэздэне і пісаў на ням. мове (раманы «Пастар Морс», 1894, «Млын», 1896). У 1890-я г. захапіўся будызмам, пад уплывам якога напісаў раманы «Пілігрым Каманіта» (1906) і «Вечныя вандроўнікі» (1910). Нобелеўская прэмія 1917.
т. 5, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ
(Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)