Данілка Б. М. 5/391

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎСКАЯ (Марыя Паўлаўна) (30.5. 1910, Рыга — 10.4.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1938). У 1919—34 працавала ў цырку і на эстрадзе (г. Растоў-на-Доне, Кіеў, Мінск). З 1938 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвала ролі травесці, маладых гераінь, характарныя. Сярод лепшых работ: Данілка («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Марына («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Аўдоля («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Малання і Уліта («Мінулася кату масленіца» і «Лес» А.​Астроўскага), Кума («Улада цемры» Л.​Талстога), Рэгіна («Здані» Г.​Ібсена), Марыяна («Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), Анеля («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Драга («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Джэма («Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч).

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧ (Ірына Фларыянаўна) (27.9.1906, Мінск — 3.12.1994),

бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Дачка Ф.Ждановіча. Сцэн. дзейнасць пачала ў Першым т-ве бел. драмы і камедыі (Данілка ў «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы). У 1920—62 у т-ры імя Я.​Купалы, у 1962—69 педагог Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. драм. тэмпераменту, высокай сцэн. культуры. Яе акцёрскі стыль меў акрэсленую рамант. афарбоўку. Сярод роляў: Марылька («Бацькаўшчына» К.​Чорнага), Аня («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948). Вера («Апошнія» М.​Горкага), Людміла, Негіна («Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра).

Літ.:

Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн., 1970.

І.Ф.Ждановіч.
І.Ждановіч у ролях Марылькі (злева) і Дзіяны.

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАНІМІ́Я (ад грэч. synonymia аднайменнасць),

поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак. Сінанімічнымі могуць быць словы, фразеалагізмы, марфемы, словаўтваральныя мадэлі, сінтаксічныя канструкцыі. Лексічныя сінонімы — словы і выразы, што аб’ядноўваюцца ў групы (сінанімічныя рады) на аснове блізкасці значэння. Сярод іх вылучаюць сінонімы семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя, абсалютныя. У сучаснай бел. літ. мове найб. семантыка-стылістычных сінонімаў, абсалютныя сінонімы адзінкавыя. Семантычныя сінонімы (звычайна нейтральныя словы і выразы) ажыццяўляюць камунікатыўную функцыю мовы, што выяўляецца ў дыферэнцыяцыі адценняў значэння, дэталізацыі, выдзяленні і актуалізацыі паняцця («Сланечнікі ў гародчыку апусцілі прывялае лісце, схавалася ў засень, у цень усё жывое...». І.​Навуменка). Стылістычныя сінонімы ажыццяўляюць эстэт. функцыю мовы, што выражаецца ў эмацыянальна-экспрэсіўнай характарыстыцы слова, выразу («І якраз у той момант, калі я зразумеў, што тут, пэўна, давядзецца і начаваць, калі ўжо такім далёкім і недасягальным здаўся мне цягнік, якім сёння ноччу я думаў ехаць, пачуўся далёкі прыглушаны бас машыны». Я.​Сіпакоў). Семантыка-стылістычныя сінонімы адрозніваюцца адначасова сэнсам і стылістычнай афарбоўкай («Не раз я за мурам астрожным па родных гонях сумаваў Адны любяць пад песню схіліць галаву, зажурыцца, як неба ўвосень. Ну, засні, і не варта тужыць. Вось ты тут сохнеш за астрожным мурам». М.​Танк). Абсалютныя сінонімы — тэрміналагічныя словы-дублеты, якія адрозніваюцца толькі паходжаннем (бел. «назыўны», «правапіс» і запазычаныя «намінатыўны», «арфаграфія»), Кантэкстуальныя (сітуацыйныя, аўтарскія, аказіянальныя) сінонімы — словы і выразы, якія суадносяцца з пэўным агульным аб’ектам рэчаіснасці (рэаліяй) толькі ў адпаведным кантэксце, выражаюць адно паняцце метафарычна-вобразна і ўтвараюць семантыка-стылістычную групу, блізкую да сінанімічнага рада («А сын жа мой яшчэ малы. Зусім яшчэ маладзенькі мой Данілка. Ён жа яшчэ не поўня, а паўмесячык. Маладзічок». А.​Бялевіч) Марфалагічныя сінонімы — сінанімічныя формы слоў («жыццядайнай сілы — жыццядайнае сілы», «самы дарагі — найдаражэйшы»), Сінтаксічныя сінонімы — канструкцыі, аднародныя са структурна-сэнсавага і функцыянальнага пункту погляду, але адметныя семантычнымі адценнямі (у межах агульнага іх значэння) і стылістычнай афарбоўкай («пайсці да рэчкі — пайсці пад рэчку, пайсці ў бок рэчкі, пайсці ў напрамку рэчкі»). Развітасць сінанімікі (сукупнасці сінонімаў ў мове) — паказчык дакладнасці, вобразнасці, багацця мовы.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Яўневіч М.С. Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1977;

Беларуская мова. Мн., 1991;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1992.

А.​К.​Юрэвіч.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)