ДАНІ́ЛАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Ваўкавыскім і Мастоўскім р-нах Гродзенскай вобл., каля в. Данілаўка. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Гліны шэрыя, карычневыя, шчыльныя, вязкія, з рэдкімі ўключэннямі жвіру і дробнай галькі. Разведаныя запасы 14,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,4—19,1 м, ускрышы (пяскі, супескі) да 8,6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць цэменту. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́ЎСКІ Рыгор Пятровіч

(26.4.1829, с. Данілаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 18.12.1890),

рускі і ўкр. пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1850). У 1869—90 рэдактар газ. «Правительственный вестник». Аўтар раманаў пра барацьбу сялян супраць прыгону «Беглыя ў Наваросіі» (1862), «Воля» («Беглыя вярнуліся», 1863, пад псеўд. А.Скаўронскі). З канца 1870-х г. пісаў гіст. раманы: «Міровіч» (1879), «Княжна Тараканава» (1883), «Спаленая Масква» (1886), у якіх праўдзіва адлюстраваў побыт эпохі, стварыў займальныя сюжэты, што прынесла творам папулярнасць.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1995.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЯВА́Я Валянціна Іванаўна

(н. 22.7.1936, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія),

бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыла Вышэйшую прафсаюзную школу ВЦСПС у Ленінградзе (1965). З 1967 кіраўнік дзіцячай харэагр. студыі ў Магілёве, з 1973 балетмайстар Бел. філармоніі. З 1974 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар створанага ёю (з М.Дудчанкам) бел. дзярж. харэагр. ансамбля «Харошкі». Пастаўленыя ёю бел. нар. танцы, вак.-харэагр. кампазіцыі, варыяцыі на тэмы гіст. абрадаў, гіст. балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэагр. мініяцюр «Бывай, 20 стагоддзе!», заснаваны на гар. фальклоры 19 ст., і інш. прывабліваюць спалучэннем нар. пластыкі з сучаснай экспрэсіяй; у іх адлюстраваны ўласныя назіранні балетмайстра над нар. абрадамі, танцамі, адзеннем у розных этнагр. рэгіёнах Беларусі. Паставіла танцы ў оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982).

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)