ПАРАНЯ́Н Акоп Аванесавіч (19.11.1843, г. Эдырне, Турцыя — 27.5.1891),
армянскі пісьменнік-сатырык. З 1871 рэдагаваў шматлікія перыяд. выданні. Друкаваўся з 1865 (камедыя «Слуга двух гаспадароў»). Камедыі «Усходні дантыст» (1868), «Ліслівец» (1872), «Дзядзька Багдасар» (1886), «Пасаг» (1887), скіраваны супраць заганнасці нораваў і маралі тагачаснага грамадства. Выступаў у жанры сац.-быт. і паліт. навелы, аповесці, памфлета, фельетона, пародыі, байкі, гумарэскі: зб-кі «Шчыпкі» (1875), «Пагулянка па кварталах Стумбула», «Дзённік Асоса» (абодва 1880), «Смех» (1883), «Ахвяры далікатнасці» (1886). Аўтар кнігі партрэтаў грамадскіх, паліт., культ. і духоўных дзеячаў «Нацыянальныя стаўпы» (т. 1—3, 1874—80). У творах спалучаў добразычлівы гумар і едкі сарказм, гуманізм і ідэі вальнадумства.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1965.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1906—18. Падпарадкоўваліся Віленскай навуч. акрузе. Жаночая гімназія засн. 24.9.1910. Мела падрыхтоўчы і 7 асн. класаў. У 6-м і 7-м класах былі паралельныя аддзяленні. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (80 руб. штогод з вучаніцы) і фін. дапамогі з казны. У 1911 вучылася 338 дзяўчат, у 1915—260. Гімназіяй кіраваў дырэктар, працавалі гал. наглядчыца і 9 класных наглядчыц, 4 законанастаўнікі, 11 выкладчыкаў, урач і дантыст. Сярод выкладчыкаў выхаванцы ун-таў Масквы, Пецярбурга, Кіева. Міргарадскай прамысл.-маст. школы, Беластоцкага Мікалаеўскага ін-та, гімназій Гродна, Гомеля і інш. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, гігіена, геаграфія, рукадзелле, спевы і танцы. У час 1-й сусв. вайны (восень 1915) пераведзена ў г. Калуга. Спыніла дзейнасць у 1918. Жаночая прыватная яўрэйская прагімназія Х.Я.Орман-Юдкоўскай пераўтворана 3.11.1906 з прыватнага вучылішча (дзейнічала з 1898). Мела падрыхтоўчы і 4 асн. класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (30—50 руб. штогод з вучаніцы) і дапамогі ў 200 руб. з сум мясц. карабейнага яўр. збору. У 1911 вучыліся 130 дзяўчат, у 1915—121. Працавала 13 чал., сярод іх выхаванцы Кіеўскага політэхн. ін-та, Віленскага яўр. настаўніцкага ін-та, гімназій Гродна, Дзвінска, Магілёва, Ваўкавыска і Віцебска. Выкладаліся: закон яўр. веры, гісторыя, рус., ням. і франц. мовы, прыродазнаўства, геаграфія, рукадзелле, арыфметыка, чыстапісанне. Спыніла дзейнасць у 1915.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.
А.Ф.Самусік.
т. 15, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)