ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,

пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл. Мендэля законы).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,

фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.

Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш. Гл. таксама Палавы цыкл.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,

валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.

У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр. і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).

Ф.​Д.​Клімчук.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)