ДАМО́ДАР,

рака ў Індыі, у штатах Біхар і Зах. Бенгалія. Даўж. 580 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца на плато Чхота-Нагпур, сярэдняе і ніжняе цячэнне — на Інда-Гангскай раўніне, упадае ў рукаў дэльты р. Ганг—Хуглі. Гал. прыток — р. Баракар (левы). Сярэдні расход вады 330 м³/с. Летняя паводка. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У бас. Д. — ГЭС, вадасховішча, арашальныя каналы.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАДА́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

найбуйнейшы ў Індыі. Размешчаны ў даліне р. Дамодар (штаты Зах. Бенгалія, Біхар). Пл. каля 4500 км². Вугляносныя адклады пярмі. Агульныя запасы да глыб. 600 м — 54 млрд. т, з іх 5,3 млрд. т каксавальныя вуглі. Прамысл. распрацоўка з 1830. Цеплыня згарання 26,8—33,2 МДж/кг. Здабыча падземным спосабам і на кар’ерах. Вугаль выкарыстоўваецца на металург. прадпрыемствах, для вытв-сці электраэнергіі, у цэментнай прам-сці. Асн. цэнтры здабычы: гарады Джхарыя, Бакара, Ранігандж.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГ, Ганга,

рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл. бас. 1120 тыс. км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс. м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс. м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн. т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл. Ганга).

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)