ФРА́НКА-ЧЭХАСЛАВА́ЦКІ ДАГАВО́Р 1924 аб саюзе і сяброўстве.
Падпісаны ў Парыжы 25 студз. прэм’ер-міністрам Францыі Р.Пуанкарэ і міністрам замежных спраў Чэхаславакіі Э.Бенешам. Дагавор абавязваў урады абедзвюх дзяржаў «дамаўляцца аб мерах, якія будуць неабходныя для забеспячэння сваіх агульных інтарэсаў у выпадку, калі б такім пагражала небяспека» (магчымыя парушэнні Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919, спробы аднаўлення манархіі Габсбургаў у Венгрыі і Гогенцолернаў у Германіі і інш.), паведамляць адзін аднаму аб заключаных імі раней паліт. пагадненнях адносна Цэнтр. Еўропы і раіцца аб заключэнні новых пагадненняў. Ф.-ч.д. 1924 дапоўнены падпісаным 16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) франка-чэхаславацкім пактам аб узаемных гарантыях (адзін з Лакарнскіх дагавораў 1925): бакі абавязваліся аказваць узаемна неадкладную дапамогу і падтрымку, калі Германія несправакавана, ўзбр. умяшаннем парушыць свае абавязацельствы па захаванні міру. Падпісанне Францыяй Мюнхенскага пагаднення 1938 супярэчыла яе саюзным дагаворам 1924 і 1925 з Чэхаславакіяй, якія т.ч. спынілі дзеянне.
т. 16, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)