«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,
штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.
т. 4, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ,
прылады, апараты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для вядзення дамашняй (кухоннай) гаспадаркі.
Найб. пашыраны: для захоўвання харч. прадуктаў (халадзільнікі дамашнія) і іх перапрацоўкі (мясарубкі, сокавыціскалкі, кухонныя універсальныя машыны — камбайны і інш.), для прыгатавання ежы і напояў (эл. і мікрахвалевыя печы, газавыя пліты, міксеры, кававаркі і інш.), для падагрэву вады (чайнікі, самавары, газавыя воданагравальныя апараты) і інш. Кухонны камбайн звычайна мае электрапрывод з рэдуктарам, зменныя насадкі мясарубкі, міксера, цестамяшалкі-збівалкі, кавамолкі, сокавыціскалкі, агароднінарэзкі, хлебарэзкі і інш.
т. 9, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУС [Cruz; сапр. Асбахе-і-Рамірэс дэ Сантыльяна
(Asbaje y Ramírez de Santillana)] Хуана Інес дэ ла (12.11.1651, Сан-Мігель-дэ-Непантла, Мексіка — 17.4.1695),
мексіканская пісьменніца. З 1667 знаходзілася ў манастыры, прысвяціла сябе навуцы і паэзіі. У творчасці прытрымлівалася традыцый ісп. барока. Першы зб. вершаў «Кастальскае багацце» (1689). Філас. роздум пра зямное і трансцэндэнтнае ў паэме «Першы сон» (1690). Яе паэзіі ўласціва шчырасць лірычных пачуццяў, інтэлектуальная глыбіня і вытанчанасць стылю. Аўтар камедый нораваў «Дамашнія клопаты» (1683), «Каханне — самая заблытаная справа» (1688), вострапалемічных твораў у прозе «Крызіс адной пропаведзі» (1690), «Адказ паэтэсы славутай сястры Філатэі» (1691), алегарычных драм «Боскі Нарцыс», «Пакутнік таемнасці», «Посах Іосіфа».
І.Л.Лапін.
т. 8, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́ТЫ СПАЖЫВА́ННЯ,
сукупнасць матэрыяльных даброт і паслуг, якія выкарыстоўваюцца ў сферы невытворчага, звычайна асабістага, спажывання. Групуюцца па відах: прадукты харчавання, адзенне і абутак, мэбля і гасп. рэчы, прадметы культуры і спорту, друкаваныя выданні і інш. Адрозніваюць прадметы працяглага карыстання (тэлевізары, дамашнія халадзільнікі, аўтамашыны, кнігі і інш.) і прадметы кароткатэрміновага карыстання (прадукты харчавання, некаторыя віды адзення, абутку і інш.). Састаўная частка П.с. — паслугі (камунальныя, бытавыя і інш.), якія прадастаўляюцца членам грамадства і задавальняюць іх патрэбы. Па меры развіцця грамадскай вытв-сці і змены спажывецкага попыту змяняецца склад П.с., а таксама іх якасць. Аб’ём П.с. ацэньваецца ў натуральным і вартасным выражэнні, што мае важнае значэнне пры аналізе змены агульнага аб’ёму спажывання матэрыяльных даброт насельніцтвам, яго грамадскімі групамі, сем’ямі ў залежнасці ад іх памеру, узроўню даходаў і інш. Матэрыяльныя даброты і паслугі, якія спажываюцца насельніцтвам, утвараюць фонд асабістага спажывання, аб’ём і структура якога вызначаюцца існуючым аб’ёмам П.с. і наяўнасцю ў насельніцтва сродкаў для ІХ набыцця.
У.Р.Залатагораў.
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
т. 10, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)