КРЭ́НКЕЛЬ (Эрнст Тэадоравіч) (24.12.1903, г. Тарту, Эстонія — 8.12.1971),
савецкі палярнік. Д-р геагр. навук (1938). Герой Сав. Саюза (1938). З 1969 дырэктар НДІ гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матаччын Шар (1924—25, 1927—28), бухта Ціхая (1929—30), мыс Алавяны (1935—36), в-аў Дамашні (1936). Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі «Граф Цэпелін» (1931), суднах «Сібіракоў» (1932), «Чэлюскін» 1933—34); радыст першай дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс» (1937—38). У 1927 здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусв. рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антарктыдай.
т. 8, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШУК ПАЛІТЫ́ЧНЫ,
1) устанаўленне назірання, законны і незаконны збор інфармацыі з дапамогай капіравання і крадзяжу дакументаў, выкарыстання разнастайных тэхн. сродкаў (падслухоўванне, перлюстрацыя карэспандэнцыі, тайны відэазапіс масавых мерапрыемстваў з наступнай ідэнтыфікацыяй удзельнікаў і інш.); кампраметацыя і шантаж паліт. дзеячаў і радавых удзельнікаў апазіц. рухаў, засылка правакатараў і вярбоўка агентаў у асяроддзі праўрадавых, лаяльных ураду, а таксама апазіц. плыней, затрыманне і арышт па паліт. (сапраўдных ці інспіраваных) матывах; выкарыстанне псіхіятрыі з мэтай паліт. рэпрэсій, пазбаўленне волі пад справакаванай або выдуманай маркай у форме ссылкі, турэмнага ці інш. зняволення (уключаючы дамашні арышт) і інш. метады праследавання сапраўднай, магчымай ці ўяўнай апазіцыі ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, аўтарытарнага рэжыму (рэжыму асабістай улады), ваенна-паліт. дыктатуры і інш. формаў недэмакр. выкарыстання рэпрэсіўнага апарата дзяржавы.
2) Паліт. паліцыя.
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)